ВЫДАННІ НА РУСКАЙ МОВЕ XIX – ПАЧАТАК XX СТАГОДДЗЯ
Прадмова
Раздзел зводнага каталога «XІX – пачатак XX ст. Выданні на рускай мове» ўключае кнігі на рускай мове, выпушчаныя на тэрыторыі Беларусі ў дарэвалюцыйны час. Гэты каталог дае магчымасць увесці ў навуковы ўжытак кніжныя каштоўнасці мінулага, узбагачае крыніцазнаўчую базу, адкрывае новую старонку ў гісторыі культурных сувязей беларускага і братняга рускага народаў, паколькі ў кнігавыданні яны знаходзілі найбольш абагульненае адлюстраванне.
З’яўляючыся прадукцыяй беларускага кнігадрукавання і, значыць, прыналежнасцю беларускай культуры, кніга на рускай мове, як і на беларускай, – каштоўная крыніца для вывучэння шэрагу важных праблем гісторыі развіцця грамадскай і навуковай думкі Беларусі. Мясцовыя выданні, якога б яны ні былі кірунку, з’яўляюцца каштоўнай крыніцай для вывучэння краіны і асобных яе раёнаў у пэўныя перыяды гісторыі. Такія кнігі, як штогадовыя агляды губерняў, справаздачы губернскіх земскіх упраў, каштарысы і выдаткі губернскіх земстваў, справаздачы пра стан і дзейнасць губернскіх статыстычных камітэтаў, спісы населеных месцаў, звесткі пра пасяўныя плошчы і ўраджаі за розны час і іншыя афіцыйныя выданні, даюць даследчыку багаты канкрэтны матэрыял. Кнігі краязнаўчага характару маюць вялікае значэнне для вывучэння прыроды, эканомікі, культуры і гісторыі Беларусі.
Беларуская кніга, у тым ліку на рускай мове, прайшла складаны шлях развіцця. У гісторыі кнігавыдання ХІХ – пачатку ХХ ст. правамерна вылучыць 2 перыяды: дарэформенны (1801–60 гг.) і парэформенны (1861–1917 гг.).
Своеасаблівасць першага перыяду заключаецца ў тым, што на ўсім яго працягу ў кнігавыдавецкай прадукцыі Беларусі пераважалі кнігі на польскай і лацінскай мовах. Руска‐ і беларускамоўныя выданні складалі нязначную колькасць (адпаведна 32 і 4). У цэлым жа для гэтага перыяду характэрна актывізацыя кнігадрукавання наогул і свецкага ў прыватнасці, а таксама пранікненне ў друкарскую і кнігавыдавецкую справу прыватнага прадпрыймальніцтва.
Уз’яднанне Беларусі з Расіяй у канцы XVIII ст. спрыяла развіццю яе эканомікі, росту гарадоў, унутранага і знешняга гандлю. Яно было вялікім прагрэсіўным актам для беларускага народа яшчэ і таму, што садзейнічала ўключэнню яго не толькі ў эканамічнае, але і ў грамадска‐ палітычнае жыццё Расіі. Уз’яднанне стварыла рэальныя магчымасці для ўздыму духоўнага жыцця беларускага народа, далучэння яго да багацейшай рускай культуры, да вывучэння рускай мовы, якая стала найважнейшым сродкам зносін двух братніх народаў.
У ліку паліятыўных рэформ, праведзеных царскімі ўладамі ў пачатку ХІХ ст., была рэформа друку і кнігавыдавецкай справы. Сведчаннем пэўнай лібералізацыі ў першыя гады царавання Аляксандра І сталі скасаванне ўказа 1796 г. аб закрыцці вольных, г. зн. прыватных, друкарань, зняцце забароны (сакавік 1801 г.) на ўвоз кніг з‐за мяжы, выданне ўказа 1802 г., што вызваліў літаратуру ад нагляду ўпраў дабрачыннасці і перадаў функцыі цэнзуры Галоўнаму кіраўніцтву вучылішчаў, а ў навучальных акругах – Цэнзурным камітэтам універсітэтаў. Перадача цэнзурных функцый ад малапісьменных паліцэйскіх чыноўнікаў, у распараджэнні якіх была цэнзура ў 1783–96 і 1801–02 гг., супрацоўнікам навучальнага ведамства, г. зн. людзям адукаваным і кампетэнтным, была спрыяльным фактарам для развіцця кнігавыдання. Адноснай мяккасцю вызначаўся і першы Цэнзурны статут 1804 г., што ўзаконіў і ўпарадкаваў папярэднюю цэнзуру.
Аднак наступнымі пастановамі ўрад Аляксандра І звёў на нішто спрыяльныя артыкулы Цэнзурнага статута, паставіўшы на шляху друкаванага слова перашкоды, накіраваныя на ўстраненне ўсяго, што супярэчыла «відам урада», догматам рэлігіі і «дзяржаўнаму парадку». Правінцыяльны друк у надзвычай цяжкія ўмовы ставіла цэнтралізацыя цэнзуры. Так, для таго, каб атрымаць дазвол на друкаванне, а потым на выпуск кнігі ў свет, выдаўцы Беларусі павінны былі двойчы пабываць у цэнзурным камітэце Віленскай навучальнай акругі ў Вільні, у падначаленні якога былі друкарні Беларусі.
Са стварэннем у 1810 г. Міністэрства паліцыі і асобага цэнзурнага камітэта пры ім па сутнасці ўводзілася карная цэнзура, г. зн. праверка кнігі і пасля яе выхаду ў свет. У 1819 г. функцыі карнай цэнзуры перададзены Міністэрству ўнутраных спраў. Рэакцыйны курс у галіне друку, узяты Аляксандрам І пасля Айчыннай вайны 1812 г., прадоўжыў яго пераемнік Мікалай І, які стаў па сутнасці галоўным цэнзарам Расіі. Паводле яго указання статут аб цэнзуры 1804 г. заменены спачатку статутам 1826 г., празваным за сваю рэакцыйнасць «чыгунным», а потым – статутам 1828 г., які быў толькі крыху мякчэйшай рэдакцыяй папярэдняга. У аснове абодвух статутаў ляжала імкненне расійскага самадзяржаўя не дапусціць пранікнення прагрэсіўных рэвалюцыйна‐ дэмакратычных тэндэнцый у сферу кнігадрукавання, забараняць творы, «шкодныя у адносінах да веры, прастола». Статут 1828 г. юрыдычна замацоўваў уведзеную ў 1817 г. шматлікасць цэнзур, ставячы гэтым лёс кнігі ў залежнасць ад волі ўрадавых чыноўнікаў. Нагляд за друкам даручаўся галоўнаму кіраўніцтву цэнзуры, у яго падначаленні былі цэнзурныя камітэты навучальных акруг. Практычна цэнзуру ажыццяўляла Трэцяе аддзяленне ўласнай яго імператарскай вялікасці канцылярыі, якому цэнзары павінны былі паведамляць пра вальнадумныя творы і іx аўтараў.
Каб узмацніць нагляд за друкам 2 красавіка 1848 г. быў створаны сакрэтны камітэт. Ён праглядваў выданні пасля іx выхаду ў свет і дакладваў цару аб усім, што супярэчыла відам урада. Час дзеяння гэтага камітэта (1848–1855 гг.) увайшоў у гісторыю як «змрочнае сямігоддзе» думкабоязі і «моравая палоса» (А. І. Герцэн).
У такіх надзвычай неспрыяльных умовах развівалася кнігавыдавецкая дзейнасць у дарэформенны перыяд (1801–60 гг.). У кнігавыдавецкай дзейнасці Беларусі гэтага перыяду выразна вылучаюцца 2 этапы, адзін з якіх ахоплівае 1801–32 гг., другі – 1833–60 гг. Калі першы этап характарызуецца ростам колькасці друкарань (36 супраць 13, якія дзейнічалі ў XVIII ст.) і выпушчаных кніг (725 супраць 352), то другі – памяншэннем таго (21) і другога (278), што з’явілася вынікам узмацнення ўрадавых рэпрэсій.
Пачатак першага этапу адзначаны палітыкай падладжвання ўрада да польскіх памешчыкаў, якая выявілася ў захаванні заканадаўства Рэчы Паспалітай, у паблажлівых адносінах да навучання на польскай мове, выказванні цярпімасці да езуітаў – членаў найбольш рэакцыйнага каталіцкага ордэна і аддача ў іx поўную аўтаномію школьнай і кнігавыдавецкай справы. Канец гэтага этапу ў сувязі з разгромам паўстання 1830–31 гг. азнаменаваўся закрыццём Віленскага універсітэта – адміністрацыйнага і навуковага цэнтра Віленскай навучальнай акругі, ліквідацыяй самой акругі, у склад якой уваходзілі навучальныя і паліграфічныя прадпрыемствы Беларусі, пераўтварэннем каталіцкіх манастырскіх вучылішчаў і школ у рускія навучальныя ўстановы, забаронай ужывання польскай мовы ў справаводстве і навучанні і іншымі рэакцыйнымі па сваёй сутнасці мерамі.
У першай трэці ХІХ ст. на Беларусі дзейнічалі 3 тыпы друкарань: прыватныя (30), царкоўныя (2) і казённыя (4). Прыватныя друкарні былі прадпрыемствамі капіталістычнага тыпу, заснаванымі на наёмнай працы. Дзейнасць большасці такіх друкарань была кароткачасовай (2–3 гады), што тлумачылася слабым развіццём выдавецкай базы, адсутнасцю дзяржаўнага кніжнага гандлю, вузкім колам чытачоў, нізкай пакупніцкай здольнасцю насельніцтва, цэнзурнымі і іншымі перашкодамі, якія ставіў урад на шляху друкаванага слова. Гэтым тлумачыцца і невялікая колькасць выдадзеных імі кніг – 214, або 29,5% ад агульнай колькасці выданняў (725). Больш за палову іx выданняў (114) складала царкоўна‐літургічная літаратура. Сярод т. зв. свецкай літаратуры на польскай мове, якая выдавалася прыватнымі друкарнямі, былі кнігі па сельскай гаспадарцы (9), філасофіі (4), медыцыне (3), ветэрынарыі (1) і інш. галінах ведаў, а таксама творы мастацкай літаратуры (18), у тым ліку мясцовых аўтараў – настаўніка Гродзенскай гімназіі К. Храмінскага, магістра Магілёўскай гімназіі Жукоўскага, наглядчыка гродзенскіх павятовых вучылішчаў І. Кулакоўскага. Большая частка выданняў свецкага характару (92) была арыгінальнай. У прыватных друкарнях выдаваліся кнігі пераважна на польскай, а таксама яўрэйскай (88) і заходнееўрапейскіх мовах. Некалькі кніг выдадзена і на рускай мове: «Зема» (Мінск, 1828 г., 1831 г.) – твор рускага пісьменніка і перакладчыка А. М. Паўлава, які каля 15‐ці гадоў правёў на Беларусі і ў Літве, «Новы руска‐польскі буквар» (Гродна, 1829 г.) і «Палажэнне аб размежаванні Літоўска‐Віленскай губерні» (Гродна, 1811 г.).
Уладальнікі прыватных друкарань, як правіла, былі і выдаўцамі, і гандлярамі кніг. Нярэдка мела месца і аддзяленне выдавецкіх функцый ад друкарскіх. У ролі выдаўцоў выступалі аўтары ўласных твоpаў, якія ставілі хутчэй асветніцкія, чым камерцыйныя, мэты. Напрыклад, настаўнік Мінскай гімназіі Ігнацій Легатовіч падрыхтаваў да выдання пераклад на польскую мову з нямецкай кнігі Я. Германа «Памешчык або інфляндскі гаспадар» (Мінск, 1823 г.), гродзенскі ўрач Кароль Тыфенбах выдаў на польскай мове кнігу «Аб вакцыне або каровінай воспе» (Гродна, 1803 г.), настаўнік рысавання Г. Эймант на ўласныя сродкі надрукаваў у друкарні І. Ясеньскага кнігу вучэбна‐прыкладнога характару «Пачатковыя асновы, найважнейшыя прапорцыі і спосабы рысавання» (Гродна, 1802 г.). У выпадках, калі аўтары не мелі сродкаў для выдання свайго твора, яны аб’яўлялі падпіску на яго і сабраныя сродкі аддавалі на плату за выдаткі па друкаванню. Так, напрыклад, зрабіў брэсцкі харунжы Ян Багушэвіч, аўтар «Курса маралі ў пытаннях і адказах…» (Гродна, 1809 г.).
Дзякуючы прыватнаму кнігавыданню на Беларусі з’явіліся першыя кнігі навуковага характару па айчыннай гісторыі, медыцыне, ветэрынарыі, сельскай гаспадарцы, дамаводству, рысаванню і інш. Універсальны характар кніжнай прадукцыі прыватных друкарань садзейнічаў пашырэнню сферы распаўсюджання кнігі і стымуляваў дзейнасць творчай інтэлігенцыі.
Аднак малая магутнасць большасці друкарань была прычынай таго, што беларускія аўтары друкавалі свае творы за межамі Беларусі: часцей у Вільні, радзей у сталічных гарадах. Так, напрыклад, «Беларускі архіў старажытных грамат» (1824 г.), падрыхтаваны беларускім археографам і мовазнаўцам І. І. Грыгаровічам, выдадзены ў Маскве. У Маскве ж надрукаваны ў 1818 г. трэці нумар часопіса «Отечественный памятник, посвященный дружелюбному соединению российских и польских народов… на 1817 год» 1, падрыхтаваны да выдання настаўнікам рымскай і польскай літаратуры Магілёўскай гімназіі Ф. Орлем‐Ашменцам. Царкоўных друкарань на Беларусі было толькі дзве. Адна з іx належала Полацкай езуіцкай акадэміі (1787–1820 гг.), потым Полацкаму вышэйшаму піярскаму вучылішчу (1824–31 гг.), другая – Рымска‐ каталіцкай кансісторыі ў Магілёве (была вядома таксама пад назвай друкарні С. Б. Сестранцэвіча, які з’яўляўся магілёўскім архіепіскапам і мітрапалітам рымска‐каталіцкай царквы ў Расіі2). Абедзве гэтыя друкарні мелі добрае на той час абсталяванне і вызначаліся актыўнай кнігавыдавецкай дзейнасцю. За перыяд з 1801 па 1832 гг. імі выдадзена 486 пазіцый, г. зн. больш за палову ўсёй кнігавыдавецкай прадукцыі Беларусі 1‐й трэці ХІХ ст. У друкарні пры Полацкай езуіцкай акадэміі (да 1812 г. калегіі) усяго выдадзена 494 кнігі, а за 19 гадоў яе дзейнасці гэтага перыяду – 415. Больш як трэцюю частку з іx складалі творы канфесійна‐клерыкальнай літаратуры. Уся астатняя выдавецкая прадукцыя, не лічачы часопіса «Mіesіęcznіk połockі» («Полацкі штомесячнік») і рознага роду календароў, прызначалася для навучання і была падпарадкавана мэтам акаталічвання беларускага насельніцтва. На рускай мове ў гэтай друкарні надрукавана толькі хрэстаматыя «Кароткія выпіскі, сабраныя з некаторых пісьменнікаў на карысць юнацтву, якое навучаецца расійскай мове» (1816 г.).
Выдавецкая прадукцыя Полацкай акадэміі езуітаў не адлюстроўвала навуковых дасягненняў таго часу. Яна адмаўляла іx або замоўчвала, перашкаджаючы распаўсюджанню перадавой грамадскай і прыродазнай думкі. Разам з тым навучальная літаратура, што выдавалася езуітамі, у прыватнасці шматлікія буквары, слоўнікі, творы антычнай і польскай літаратуры, садзейнічала распаўсюджанню пісьменнасці і ведаў.
З выгнаннем езуітаў за межы Беларусі (1820 г.) іx друкарня была перададзена ва ўласнасць адкрытага ў Полацку ў 1822 г. Вышэйшага вучылішча ордэна піяраў. За 7 гадоў кнігавыдавецкай дзейнасці (1824‐30 гг.) піяры выдалі 32 кнігі, большая частка якіх мела свецкі характар і была падпарадкавана патрэбам навучальнага працэсу. Кнігі на рускай мове ў гэтай друкарні не друкаваліся. Кнігавыдавецкая дзейнасць піяраў спынілася ў 1830 г. ў сувязі з выгнаннем іx з Полацка і закрыццём вучылішча. Іx друкарня прададзена Кіеўскаму універсітэту. Прадукцыя Магілёўскай друкарні Рымска‐каталіцкай кансісторыі мела пераважна свецкую накіраванасць. Патрэбам каталіцкай царквы былі падпарадкаваны толькі асобныя яе выданні – штогадовыя календары, або дырэкторыумы, і каталогі асоб каталіцкай іерархіі. На рускай мове тут выпушчана 9 выданняў, у тым ліку афіцыйныя і навучальныя кнігі, календары. З дзейнасцю гэтай друкарні звязана ўжыванне рускага грамадзянскага шрыфту. У ёй выдадзена першая на тэрыторыі Беларусі кніга на рускай мове грамадзянскага друку «Кацярыны ІІ пастановы для кіравання губерняў» (1777 г.).
У адрозненне ад прыватных (дзейнасць большасці з іx была кароткачасовай) і царкоўных (апошняя з іx перастала існаваць у 1844 г.) казённыя друкарні, г. зн. друкарні губернскіх праўленняў, існавалі больш або крыху менш за стагоддзе (Віцебская і Мінская адкрыты ў 1797 г., Гродзенская ў 1820 г., Магілёўская ў 1834 г.). Губернскія друкарні, якія існавалі на сродкі губернскіх праўленняў, мелі статус казённа‐ камерцыйных прадпрыемстваў. Выданне кніг у гэтых друкарнях насіла выпадковы характар. З 725‐ці выяўленых выданняў беларускіх друкарань 1‐й трэці ХІХ ст. ў губернскіх друкарнях надрукавана толькі 25, або 3,4% (у прыватных 214, у царкоўных 486).
Найбольшая колькасць кніг у гэты перыяд выдадзена ў Мінскай губернскай друкарні – 20 выданняў. Сярод іx навучальныя праграмы мясцовай гімназіі, нотнае выданне («Śpіew do polonezа», 1817 г.), перадрук віленскага календара («Kаlendаrz Lіtewskі nа rok 1822», 1821 г.), адно выданне філасофскага зместу («Projtoіctіones phіlosophіа», 1811 г.), пропаведзі біскупа Я. Дзядзеркі («Wezwаnіe do zаłożenіа szpіtаlа», 1810 г.), творы т. зв. малых жанраў І. Быкоўскага, Я. Ходзькі. Тут у 1808 г. надрукавана сатырычная камедыя рускага пісьменніка ліберальнага кірунку В. Капніста «Паклёпнік, або Суцяжніцтва» («Jаbedа, to est Pіenіаctwo») у перакладзе на польскую мову М. Тамашэўскага. Пераклад быў не ідэнтычны арыгіналу і зместам, і формай (пазбягаліся з’едлівыя выразы ў адрас прадстаўнікоў пануючага класа, вершаваны арыгінал быў перакладзены прозай). Крыху раней (у 1799 г.) у Мінскай губернскай друкарні надрукаваны навучальны дапаможнік «Лёгкі спосаб навучыцца чытаць па‐руску і па‐польску) («Łаtwy sposób nаuczenіа sіę czytаć po rossyjsku y po polsku»). Гэта было першае беларускае выданне грамадзянскага друку падручніка, які змяшчаў тэксты на рускай мове. У 1812 г. у час акупацыі Беларусі французскімі войскамі абсталяванне Мінскай губернскай друкарні было ў распараджэнні ўстаноўленай у Мінску адміністрацыйнай улады. У гэтай друкарні побач з распараджэннямі мясцовых улад друкавалася «Часовая Мінская газета». Яна выходзіла на польскай і французскай мовах 2 разы на тыдзень памерам ад 2‐х да 6‐ці старонак. У газеце друкаваліся паведамленні з тэатра ваенных дзеянняў, аб падзеях з мясцовага жыцця, распараджэнні т. зв. Камісіі часовага праўлення Вялікага княства Літоўскага, якая прадстаўляла французска‐польскі ўрад на Беларусі і у Літве. Нягледзячы на тэндэнцыйную падачу, фактычны матэрыял газеты можа быць крыніцай для вывучэння гісторыі Беларусі перыяду Айчыннай вайны 1812 г. Пасля выгнання ворага ў снежні 1812 г. друкарня зноў вернута ў распараджэнне губернскага праўлення. У дзвюх іншых губернскіх друкарнях Беларусі (Віцебскай і Гродзенскай), якія функцыяніравалі ў гэты перыяд, кнігі выдаваліся эпізадычна. Першымі выданнямі Віцебскай губернскай друкарні былі панегірычны твор «Пахвальная песня…»3, напісаны ў вернападданніцкім духу, і прытча «Арлы і шпакі» (1806 г.) рускага пісьменніка і драматурга П. І. Сумарокава, які служыў у той час на Беларусі, а ў 1808–1811 гг. быў віцебскім губернатарам. Абодва гэтыя выданні надрукаваны на рускай мове грамадзянскім шрыфтам. У час Айчыннай вайны 1812 г. гэта друкарня цалкам знішчана і адноўлена толькі ў 1815 г. У 1820 г. і 1827 г. у ёй выдадзены невялікія работы па ветэрынарыі віцебскага ўрача К. Гібенталя. Вядома адзінае кніжнае выданне Гродзенскай губернскай друкарні – брашура «Пра збіранне звестак аб ленных маёнтках і правах на іx» (1820 г.).
Асобае месца сярод казённых друкарань належала ваенна‐паходнай друкарні Галоўнага штаба 1‐й рускай арміі ў Магілёве. У ёй на рускай мове надрукаваны інструкцыя па ваеннай справе «Камандныя словы і выкананне паводле іx у батальённым вучэнні для карыстання субалтэрн‐ афіцэраў» (1817 г.) і арыгінальнае даследаванне ўраджэнца Беларусі доктара медыцыны і хірургіі К. Грум‐Гржымайлы «Пра каўтун» (1828 г.). Нягледзячы на малы аб’ём кніжнай прадукцыі казённых друкарань у 1‐й трэці ХІХ ст., іx дзейнасці абавязаны сваім з’яўленнем першыя навуковыя, навучальныя, прыкладныя і мастацкія кнігі на рускай мове грамадзянскага друку. Выданне кніг на рускай мове ў гэты перыяд (16), ды і наогул у 1‐й палове ХІХ ст. (28), трэба разглядаць як перадгісторыю грамадзянскага кнігадрукавання.
Пасля задушэння паўстання 1830–31 гг. царызм распачаў умацаванне на Беларусі сваіх палітычных пазіцый, накіраваных на замацаванне самадзяржаўна‐прыгонніцкага ладу, зрабіў шэраг захадаў, каб выкараніць тут польскі нацыянальны рух і аслабіць каталіцкі ўплыў. Створаны Мікалаем І «Асобы камітэт па справах заходніх губерань» правёў так званы «разбор» шляхты, у выніку якога болъш за 10 тысяч чалавек былі пераведзены ў разрад аднадворцаў. На адміністрацыйныя пасады прызначаліся толькі рускія чыноўнікі. У 1839 г. прынята рашэнне аб ліквідацыі уніяцкай царквы і аб’яднанні яе з праваслаўнай, скарочана колькасць каталіцкіх манастыроў і манастырскіх вучылішчаў, школ, канфіскаваны іx бібліятэкі, забаронена ўжыванне польскай мовы ў справаводстве, уводзілася рускае заканадаўства, пашыралася сетка рускіх школ. Гэтыя дзеянні ўрада мелі і станоўчае значэнне, бо вялі да ліквідацыі засілля каталіцызму і схаластыкі, далучалі перадавую беларускую інтэлігенцыю і часткова народныя масы да багатай рускай культуры. Такім чынам, ствараліся перадумовы для росту нацыянальнай самасвядомасці інтэлігенцыі, у асяроддзі якой узмацнялася цікавасць да вывучэння жыцця беларускага народа, яго этнаграфіі і фальклору, для выдання кніг не толькі на рускай, але і на беларускай мове, з’яўлення твораў беларускіх і беларуска‐польскіх пісьменнікаў.
Рост пісьменнасці (да пачатку 1860‐х гг. на Беларусі было 16,8 тысяч навучэнцаў), пашырэнне кола адукаваных людзей, падпарадкаванне адукацыі інтарэсам эканомікі, што развівалася, знаходзілі адлюстраванне і ў кніжнай справе. У друкарскай вытворчасці зацвярджаўся капіталістычны спосаб. Разам з тым імкненне ўрада штучна затрымаць развіццё друкарска‐выдавецкай справы ў правінцыі (абмежаванне адкрыцця новых друкарань, абавязковасць атрымання дазволу цара на выпуск перыядычных выданняў і г. д.) з’явілася прычынай скарачэння колькасці друкарань на гэтым этапе. Так, у 1833‐60 гг. на Беларусі функцыяніравала 21 друкарня (17 прыватных і 4 губернскія). З памяншэннем колькасці прыватных друкарань і пачаткам выдання ў губернскіх друкарнях афіцыйнай газеты «Губернские ведомости» паменшылася колькасць кніг, якія ў іx друкаваліся. Калі ў 1801–32 гг. у сярэднім выдаваліся 22 кнігі ў год, то ў 1833–60 гг. – каля 10. Удзельная вага кніг на польскай мове значна паменшылася (115 назваў, або 41,5% ад агульнай колькасці кніг). Затое больш стала выданняў на яўрэйскай мове (103, або 37%). Павялічылася колькасць кніг на рускай мове – 22 назвы, або 8 %. Усе яны друкаваліся ў губернскіх друкарнях. У Мінскай друкарні выдадзены «Памятная кніжка Мінскай губерні» (1845 г.), «Збор старажытных грамат і актаў гарадоў Мінскай губерні» (1848 г.), вершаваная аповесць выкладчыка Мінскай гімназіі Д. І. Сергіеўскага «Пан Дольскі, або Спатканне з дачкой» (1845 г.), у аснову якой пакладзены матэрыял мясцовай гісторыі. Кнігі на рускай мове друкаваліся і ў прыватных друкарнях. У Мінскай друкарні І. Стэфановіча ў 1833 г. выдадзена кніга А. Паўлава «Падарунак выхаваным вучням і вучаніцам на новы 1834 год, або Павучальныя дзіцячыя аповесці, якія служаць навучанню розуму і сэрца», у Гродзенскай друкарні З. Нахімовіча ў 1829 г. – «Новы руска‐польскі буквар», у друкарні Ф. Фалька – «Узоры рускай, польскай, французскай і нямецкай каліграфіі» (1848 г.) і інш.
Новай з’явай для гэтага перыяду стаў выхад афіцыйных газет – «Губернских ведомостей», па сутнасці адзіных на працягу многіх дзесяцігоддзяў правінцыяльных органаў друку. На тэрыторыі Беларусі выдаваліся «Витебские губернские ведомости» (1838–1918 гг.), «Гродненские губернские ведомости» (1838–1915 гг.), «Могилёвские губернские ведомости» (1838–1917 гг.), «Минские губернские ведомости» (1838–1917 гг.). Паводле праграмы, выкладзенай у «Палажэнні аб парадку спраў у губернскіх праўленнях» ад 3.6.1837 г., галоўнай іx мэтай было аператыўнае распаўсюджанне інфармацыі аб законах і распараджэннях урада і губернскіх улад і аб іншых «прадметах, належных да агульнага ведама».
З 1840‐х гг. побач з афіцыйнай выдавалася і неафіцыйная частка газеты, на старонках якой час ад часу змяшчаліся краязнаўчыя матэрыялы этнаграфічнага, фальклорнага, літаратуразнаўчага, гістарычнага характару. Многія з іx выходзілі ў свет у выглядзе асобных адбіткаў. Каштоўнасць «Губернских ведомостей» як гістарычнай крыніцы ў розныя гады была неаднолькавай, што абумоўлівалася іx цэнзурна‐прававым становішчам. З’яўленне ў губернскіх цэнтрах «Ведомостей» станоўча паўплывала на ўмацаванне паліграфічнай базы і развіццё кнігавыдання на рускай мове.
У параўнанні з папярэднім перыядам крыху скараціўся выпуск кніг на заходнееўрапейскіх мовах, што кампенсавалася выпускам перакладной літаратуры з нямецкай і французскай моў (18кніг).У 2‐й трэці ХІХ ст. на тэрыторыі Беларусі амаль што спыніўся выпуск літаратуры на лацінскай, яўрэйскай і латышскай мовах. У выніку дыспрапорцыі паміж попытам на кнігу, які павялічваўся, і магчымасцямі мясцовых друкарань многія кнігі на польскай мове (43), падрыхтаваныя беларускімі выдаўцамі і кнігагандлёўцамі, друкаваліся за яе межамі. Так, у Вільні было надрукавана 12, у Варшаве 11, Пецярбургу 20 такіх выданняў. Напрыклад, мінскія выдаўцы браты Бейліны друкавалі кнігі ў Вільні (А. Pług. «Głos z Lіtwy», 1859 г.) і Варшаве (яго ж. «Pаmіątkі domowe», 1858 г.), гродзенскі кнігагандлёвец Юзаф Загаеўскі – у Віленскай друкарні С. Разенсона (Ostrowskі E. «Lіsty z podróży odbytej do stępów kіrgіs‐kаjsаckіch», t. 1–2, 1859 г.). У Варшаве (у друкарнях І. Яворскага і «Gаzety codzіennej» – «Штодзённай газеты»), Пецярбургу (у друкарнях К. Края і М. Этынгера і інш.) і Вільні (у друкарні К. Венхобера) друкаваліся літаратурныя творы і даследаванні польскіх і беларуска‐польскіх пісьменнікаў І. Крашэўскага, І. Фрэдры, Л. Кандратовіча (У. Сыракомлі) і інш., падрыхтаваныя да выдання ў Віцебску і Магілёве, выпушчаныя на сродкі («накладам») буйнога пецярбургскага кнігагандлёўца і друкара Баляслава Вольфа, які меў у Магілёве і Віцебску ўласныя кнігарні. Практыка выпуску кніг на сумесных пачатках прадстаўнікамі сферы кніжнай справы гарадоў Беларусі і Расіі была зусім новай з’явай для беларускага кнігавыдання. Да сярэдзіны ХІХ ст. агульны крызіс феадальна‐прыгонніцкага ладу ў Расы, у т. л. на Беларусі, дасягнуў асаблівай вастрыні, наспела рэвалюцыйная сітуацыя. Змена феадальна‐прыгонніцкай фармацыі капіталістычнай закончылася сялянскай рэформай 1861 г. Працэс развіцця капіталізму закрануў і сферу кніжнай справы. Выданне кніг пераходзіла ў асноўным да буржуазных прадпрыемцаў. У канцы ХІХ ст. на Беларусі дзейнічала ўжо не 17, як раней, а 45 прыватных друкарань, якія займаліся кнігадрукаваннем, у тым ліку 35 новых. Адбывалася аб’яднанне друкарань, далейшае развіццё атрымала тэндэнцыя да падзелу выдавецкіх і друкарскіх функцый. Так, у Мінску ўзнікла выдавецтва Бейліных.
Акрамя выдаўцоў‐камерсантаў былі і выдаўцы‐мецэнаты, аматары літаратуры і мастацтва: дваранін Мінскай губерні Вайніловіч, урач В. Газдзіцкі, пісьменнікі А. Пяткевіч (А. Плуг), Драздовіч і інш. Аднак іx выдавецкая дзейнасць мела выпадковы характар. Кожны з іx выпусціў адно‐два выданні: Вайніловіч – пераклад на польскую мову аповесці А. С. Пушкіна «Браты‐разбойнікі» (1843 г.), В. Газдзіцкі – рэлігійна‐ рамантычную паэму «Obzаz z obzаzów uczuć ludzkіch» (1848 г.), Драздовіч – «Teаtr mіńskі. Oddzіаł pіerwszy. Wіeczór błędu і jаjecznіcа zаczаrowаnа» (1844 г.). Да мецэнатаў можна аднесці і К. К. Вольфганга – выдаўца «Ondyny druskіenіckіch źródeł» («Ундзіны»), па сутнасці першага часопіса, які выдаваўся на тэрыторыі Беларусі (у Гродзенскай губернскай друкарні). Гэта быў літаратурна‐гістарычны і медыцынскі часопіс ліберальнага кірунку. Ён выходзіў на польскай мове з красавіка 1844 г. па снежань 1846 г. (1 раз у месяц на працягу 8 месяцаў курортнага сезона ў Друскеніках). Усяго выйшла 24 нумары. На яго старонках публікаваліся творы К. Буйніцкага, І. Крашэўскага, А. Адынца, Т. Зана, Л. Падбярэзскага, У. Сыракомлі, а таксама работы Т. Нарбута, даследаванні самога выдаўца.
Дзейнічала на Беларусі ў гэты перыяд і група выдаўцоў уласных твораў: польскія і беларускія пісьменнікі В. Дунін‐Марцінкевіч і У. Сыракомля, А. Валіцкі, кампазітар С. Манюшка і інш. В. Дунін‐ Марцінкевіч быў першым выдаўцом твораў беларускай мастацкай літаратуры на мове арыгінала непасрэдна на тэрыторыі Беларусі. У Мінску выдадзены на беларускай і польскай мовах яго «Вечарніцы» (1855 г.), «Цікавішся? – Прачытай» (1856 г.), «Дудар беларускі, або Усяго патроху» (1857 г.). У іx аўтар закранаў вострыя сацыяльныя праблемы запрыгоненай беларускай вёскі, імкнуўся паказаць і раскрыць духоўную прывабнасць беларускага мужыка. Шэраг сваіх твораў на беларускай мове В. Дунін‐Марцінкевіч друкаваў у Вільні. Так, у друкарні Ю. Завадскага надрукавана лібрэта яго камічнай оперы «Ідылія» (1846 г.). Аднак многія яго творы, як і іншых беларускіх пісьменнікаў, заставаліся ў рукапісах.
З 1860‐х гг. ва ўсіх губернскіх гарадах узніклі выдавецтвы статыстычных камітэтаў, адкрываліся кнігарні і бібліятэкі. У Мінску, напрыклад, функцыяніравалі выдавецтвы Таварыства сельскіх гаспадароў, братоў Бейліных, С. Савіцкай, кнігарні Е. Фрэнкеля; у Віцебску – Таварыства сельскіх гаспадароў, епархіяльнага Свята‐ Уладзімірскага брацтва; у Полацку – Кадэцкага корпуса; у Гродне – «І. і М. Харын і K°» і фабрыкі канторскіх кніг М. В. Харына. У гэтыя часы намецілася некаторае паслабленне цэнзуры. Аднак на Беларусі правядзенне цэнзурнай рэформы супала з перыядам рэакцыі, які наступіў пасля разгрому паўстання 1863–64 гг. Паводле «Часовых правіл аб цэнзуры» 1865 г., якія былі законам аж да 1906 г., тут паліграфічныя прадпрыемствы аддаваліся пад кантроль чыноўнікаў для асобых даручэнняў пры губернскіх уладах – інспектараў, у абавязкі якіх уваходзіла «папярэджанне і спыненне тайнага кнігадрукавання». У правінцыі па‐ранейшаму існавала папярэдняя цэнзура, якая ажыццяўлялася агульнай і ведамаснай цэнзурамі. Працягвала дзейнічаць і карная цэнзура ў асобе Трэцяга аддзялення. Пра свабоду друку не магло быць і гаворкі.
Колькасць выдадзеных у гэты перыяд кніг значна павялічылася. Калі ў 1‐й палове ХІХ ст. на Беларусі выдадзена 916 кніг, у т. л. на рускай мове 28, то ў 2‐й палове – 2241. Толькі на рускай мове штогадовы выпуск кніг павялічыўся на 43 выданні. Калі ў 1‐й палове ХІХ ст. на польскай мове выдадзена 455 пазіцый, або 50 % ад агульнай колькасці выданняў, на лацінскай – 199, або 21,5 %, на рускай – 28. або 3%, то ў 2‐й палове ХІХ ст. – адпаведна 76, або 3,5%, 12, або 0,5%, і 2153, або 96%. Адбыліся зрухі і ў характары кнігавыдання: павялічылася ўдзельная вага свецкай кнігі, пашырыліся яе тэматычныя межы. Побач з афіцыйнай дамінуючае становішча заняла сацыяльна‐эканамічная літаратура краязнаўчага характару. Гэтаму садзейнічаў і ўрад, зацікаўлены ў вывучэнні прадукцыйных сіл і ў збіранні статыстычных звестак пра эканамічныя рэсурсы губерняў.
Вялікі ўклад у вывучэнне краю, яго гісторыі і культуры рабілі прадстаўнікі беларускай разначыннай інтэлігенцыі. У краязнаўчай рабоце яны бачылі магчымасць аддаць свае сілы на карысць народу. Вынікі сваіх даследаванняў яны публікавалі на старонках «Губернских ведомостей» і «Памятных кніжак», якія з 1860 г. штогод выдаваліся ў губернскіх гарадах. Многія з гэтых публікацый выходзілі потым асобнымі выданнямі.
«Памятныя кніжкі», з’яўляючыся друкаванымі органамі губернскіх статыстычных камітэтаў, фактычна ператварыліся ў органы мясцовай краязнаўчай грамадскасці і сталі адной з дакладных крыніц для гісторыка‐археалагічнага вывучэння Беларусі. Акрамя гісторыка‐ статыстычных нарысаў, апісання гарадоў і іншых населеных месцаў, у іx нярэдка змяшчаліся фальклорна‐этнаграфічныя нарысы, матэрыялы пра старажытнасці з выкарыстаннем архіўных крыніц. Належнае месца сярод іx займалі работы вядомых беларускіх вучоных Дз. І. Даўгялы, М. А. Дзмітрыева, М. В. Доўнар‐Запольскага, М. Я. Нікіфароўскага, Е. Р. Раманава, А. П. Сапунова, А. М. Семянтоўскага, У. К. Стукаліча і інш.
Апрача «Памятных кніжак» губернскія статыстычныя камітэты выдавалі «Кішэнныя кніжкі», «Працы», «Справаздачы», «Агляды… губерань», «Спісы землеўладальнікаў», статыстычныя табліцы, а таксама манаграфічныя работы. Нярэдка ў падобных выданнях змяшчаўся даведачна‐пошукавы апарат, у т. л. бібліяграфічыыя спісы. Так, «Кароткі нарыс Мінскай губерні ў фізіка‐геаграфічных і статыстыка‐эканамічных адносінах» Ф. Н. Ястрэмскага (Мінск, 1897 г.) мае даведачны спіс літаратуры, пералік кветкавых раслін. Шырокі паказальнік твораў, артыкулаў і заметак па археалогіі Мінскай губерні змешчаыы ў кнізе А. П. Смародскага «Дзевяты археалагічны з’езд у Вільні» (Мінск, 1893 г.). Прыкметна актывізавалася публікацыя помнікаў старажытнасці. На выданне дакументаў старадаўнасці царскі ўрад глядзеў як на сродак умацавання пазіцый самадзяржаўя і абгрунтавання сваіх правоў на тэрыторыю ўз’яднаных заходніх зямель. Разам з тым у дакументах адлюстроўвалася становішча сялянства і гарадской беднаты, быў багаты фактычны матэрыял для вывучэння форм феадальнай эксплуатацыі. У іx яскрава паказана барацьба праваслаўя з каталіцызмам і уніяй, настойлівае імкненне ўлад Рэчы Паспалітай да паланізацыі беларускага насельніцтва і яго ўпартае супраціўленне гэтаму.
З’явай у гісторыі кнігавыдання Беларусі гэтага перыяду былі 32 тамы «Гісторыка‐юрыдычных матэрыялаў, выбраных з актавых кніг губерань Віцебскай і Магілёўскай» (Віцебск, 1871–1906 гг.), выдадзеныя Віцебскім архівам старажытных актаў, і 3 тамы «Віцебска даўніны» (Віцебск, 1883, 1885 і 1888 гг.). У Віцебскіх выданнях, акрамя афіцыйных матэрыялаў, друкаваліся цікавыя даследаванні па гісторыі, этнаграфіі і фальклору Беларусі, асвятляліся пытанні становішча сялян у губерні. Так, Віцебская вучоная архіўная камісія па даследаванню старадаўнасці выдала тры выпускі зборніка «Полацка‐Віцебская даўніна» (1911–16 гг.), апублікавала «Летапіс горада Віцебска», «Кароткі летапіс падзей, якія ўплывалі на лес Віцебскай губерні» (1903 г.), а таксама кнігі А. П. Сапунова «Полацкі Сафійскі сабор» (1888 г.), «Нарыс гістарычных лёсаў праваслаўя і рускай народнасці на Беларусі наогул і ў межах Полацкай епархіі ў прыватнасці» (1910 г.), «Помнікі часоў старажытных і найноўшых у Віцебскай губерні» (1903 г.), М. Я. Нікіфароўскага «Старонкі з недалёкай даўніны горада Віцебска» (1899 г.). Падзеі Айчыннай вайны 1812 г. шырока асвятляліся ў кнігах В. С. Арсеньева «Дакументы аб французскіх ваеннапалонных 1812–1813 гадоў у Віцебскай губерні» (1910 г.) і «Дакументы 1813 года cа спраў Віцебскага губернскага праўлення» (1910 г.), В. І. Глыбоўскага «1812 год у Віцебскай губерні» (1910 г.), У. К. Дабравольскага «Віцебская губерня ў Айчынную вайну» (1912 г.), М. А. Мельнікавай «1812 год у Віцебскай губерні» (1911 г.), У. П. Цэханавецкага «Кароткае апісанне ваенных дзеянняў у Віцебскай губерні ў часы Айчыннай вайны 1812 года» (1892 г.), П. М. Красавіцкага «Генерал‐маёр Якаў Пятровіч Кульнеў і бой пад Клясціцамі» (1912 г.) і інш.
З этнаграфічных даследаванняў найбольшай увагі заслугоўваюць выдадзеныя ў Віцебску працы М. Я. Нікіфароўскага «Нарысы простанароднага жыцця‐быцця ў Віцебскай Беларусі і апісанне прадметаў ужытку: (Этнаграфічныя звесткі)» (1895 г.), «Простанародныя прыметы і павер’і, забабонныя абрады і звычаі, легендарныя паданні пра асоб і мясціны» (1897 г.), «На глебе прастаты веры: (Побытавая карцінка)» (1898 г.). Многія матэрыялы, якія ўвайшлі ў гэтыя выданні, спачатку друкаваліся ў «Витебских губернских ведомостях». Найкаштоўнейшым зборам беларускай народнай творчасці з’яўляюцца 3‐ці, 4‐ты і 5‐ты выпускі шматтомнага выдання Е. Р. Раманава «Беларускі зборнік» (1887 г., 1891 г.), а таксама яго кнігі «Кара ў сто гадоў» (1894 г.) і «Літасцівы Восін, або Літасці хачу, а не ахвяры» (1896 г.). У спалучэнні з віленскімі і некаторымі іншымі выданнямі археаграфічнага характару яны з’яўляюцца багатай базай для вывучэння гісторыі Беларусі эпохі феадалізму. Гэтыя матэрыялы і сёння актыўна выкарыстоўваюць беларускія вучоныя ў сваіх даследаваннях.
З прац мясцовых вучоных, выдадзеных у Магілёве, асаблівай увагі заслугоўвае шматтомнае выданне А. С Дэмбавецкага «Вопыт апісання Магілёўскай губерні» (1882 г.) з грунтоўнай прадмовай. Пад рэдакцыяй Е. Р. Раманава выдадзены тры выпускі «Магілёўскай даўніны» – зборніка артыкулаў неафіцыйнай часткі «Могилевских губернских ведомостей» (у 1898–99, 1900–01 і 1901–03 гг.). У зборніку змешчаны матэрыялы аб раскопках і археалагічных знаходках, тэкст Баркулабаўскага летапісу, артыкулы па гісторыі, этнаграфіі і беларускаму мовазнаўству вядомых беларускіх вучоных Дз. І. Даўгялы, Я. Ф. Карскага, Е. Р. Раманава, А. П. Сапунова і інш. У асобных выданнях характарызаваўся стан народнай гаспадаркі ў губерні.
Мастацкая літаратура на рускай мове ў ХІХ ст. была прадстаўлена пераважна творамі малых жанраў. Толькі на мяжы ХХ ст. ў Мінску з’явіліся выданні тыпу альманахаў і зборнікаў: «Каласы» (1898 г.), «Туманы» (1909 г.), «Зямныя сны» (1910 г.), «Правінцыяльны месяц» (1915 г.). Так, у зборніках «Каласы» і «Зямныя сны» звяртаюць на сябе ўвагу творы пісьменніка і публіцыста рэвалюцыйна‐дэмакратычнага кірунку Д. Д. Бохана. У 1890‐я гг. ён апублікаваў свой паэтычны пераклад «Слова аб палку Ігаравым» і мінскія паданні «Бока Хрыстова», у альманаху «Зямныя сны» змясціў свае пераклады вершаў польскага паэта і празаіка Казімежа Татмаера. У перыяд Рэвалюцыі 1905–07 гг. Бохан рэдагаваў прагрэсіўную мінскую газету «Голос провинции», у якой змяшчаў матэрыялы рэвалюцыйнага зместу, горача выступаў у абарону нацыянальнай культуры беларускага народа. У альманахах «Туманы» і «Зямныя сны» змешчаны вершы Анатоля Зіміёнкі, які пазней пісаў вершы для дзяцей на беларускай мове і публікаваў іx у беларускім савецкім друку. Побач з мастацкімі творамі ў зборніках змяшчаліся і літаратуразнаўчыя артыкулы. У зборніку «Туманы» заслугоўвае ўвагі крытычны артыкул «Аляксандр Блок» беларускага публіцыста і літаратурнага крытыка У. Самойлы. Будучы супрацоўнікам газеты «Минский курьер», ён узняў у 1907 г. на яе старонках пытанне пра неабходнасць стварэння школ з навучаннем на беларускай мове. Ён жа дапамог Я. Купалу апублікаваць у газеце «Северо‐Западный край» верш «Мужык» (1905 г.), а калі выйшлі кніга вершаў Я. Купалы «Жалейка» (1908 г.) і паэма «Адвечная песня» (1910 г.), даў ім аб’ектыўную ацэнку. Незвычайным уздымам адзначана кнігавыданне пачатку ХХ ст. За перыяд з 1900 па кастрычнік 1917 г. на Беларусі выйшла 4355 выданняў – у 2 з лішнім разы больш, чым у 2‐й палове ХІХ ст. У сярэднім за год выдавалася па 256 кніг, г. зн. на 211 больш, чым у 2‐й палове папярэдняга стагоддзя.
Як і раней, самую шматлікую групу выданняў складала афіцыйная літаратура, якая карысталася асаблівай апекай урада: справаздачы, пратаколы і журналы рознага роду сходаў і з’ездаў урадавых, адміністрацыйных і земскіх упраў, прамысловых прадпрыемстваў і акцыянерных фірм, дабрачынных таварыстваў і іншых грамадскіх арганізацый. Папоўніўся таксама склад выданняў краязнаўчай, навуковай, прыкладной літаратуры, павялічыўся выпуск навукова‐ папулярных кніг, асабліва па медыцыне.
Колькасць друкарань у гэты перыяд паменшылася да 27, прычым 12 з іx былі новымі. Намецілася спецыялізацыя выдавецкай дзейнасці некаторых прыватных друкарань. Больш кніг пачалі друкаваць губернскія друкарні.
Вялікай перамогай Рэвалюцыі 1905–07 гг. была заваёва свабоды друку. Праўда, гэта заваёва была часовая і няпоўная, дачакаўшыся таго часу, калі рэвалюцыйная хваля пайшла на спад, царскі ўрад пачаў уносіць рознага роду «дапаўненні», «правілы» і «цыркуляры», якія стрымлівалі, абмяжоўвалі і ўрэзвалі друкаванае слова. Але з канца 1905 г. пачаўся незвычайны ўздым і ажыўленне ў галіне кнігадрукавання і перыёдыкі. У вялікіх і малых гарадах пачалі выходзіць новыя газеты і часопісы, з’явілася небывалая колькасць грамадска‐палітычных і эканамічных кніг і брашур, у тым ліку легальныя выданні марксісцкага напрамку. «Свабоду друку, абяцаную ў межах, дазволеных Трэпавым, рэвалюцыйны пралетарыят расшырае сваёй магутнай рукой да некалькі больш шырокіх межаў» (У. І. Ленін. Тв. т. 9, с. 421).
Прагрэсіўны рэвалюцыйны друк Беларусі прайшоў праз тыя самыя этапы развіцця, што і рускі друк. Узнікненне на Беларусі нелегальнага рэвалюцыйнага друку звязана з дзейнасцю падпольнай друкарні ў Мінску, створанай у 1879 г. членамі рэвалюцыйнай арганізацыі «Чорны перадзел». Друкарня «Чорнага перадзелу» амаль на працягу года забяспечвала Расію народніцкай літаратурай. Шрыфт для гэтай друкарні быў здабыты ў віленскай друкарні ваеннай акругі і ў гродзенскай друкарні Гурвіча. У Гродне быў зроблены і станок. На працягу 1881 г. у гэтай друкарні надрукавана 7 нумароў газет «Чёрный передел» (№ 3, 4 і 5), «Зерно» (№ 3–6) і 5‐ці пракламацый. Вялікая колькасць рэвалюцыйных пракламацый сярод насельніцтва і салдат распаўсюджвалася групай «Чорнага перадзелу» ў Гродзенскай губерні. Выданні друкарні «Чорнага перадзелу» з’яўляюцца першынцамі падпольнага кнігадрукавання на Беларусі на рускай мове. З ідэйным разгромам народніцтва, завершаным У. І Леніным, была расчышчана глеба для распаўсюджання ў Расіі, у тым ліку і на Беларусі, марксізма. Пачалі з’яўляцца публікацыі аб цяжкіх умовах працы на фабрыках і аб рабочым руху. Яны змяшчаліся на старонках «Минского листка» і друкаваліся ў выглядзе лістовак Паўночна‐Заходняга камітэта РСДРП. На старонках прагрэсіўнай грамадска‐палітычнай газеты «Северо‐Западный край» была надрукавана прынятая на ІІ з’ездзе праграма РСДРП, праца У. І. Леніна «Дробнабуржуазны і пралетарскі сацыялізм», вытрымкі з шэрагу іншых ленінскіх работ. У 1904 г. Палескім камітэтам РСДРП выдадзена першая на тэрыторыі Беларусі кніга У. І. Леніна. Гэта было падпольнае бальшавіцкае выданне пад назвай «Барацьба гарадскіх рабочых і чаго хочуць сацыял‐дэмакраты», у якое ўвайшлі 1‐шы і 2‐гі раздзелы брашуры У. І. Леніна «Да вясковай беднаты», упершыню выдадзенай у 1903 г. ў Жэневе. Частка тыражу друкавалася ў падпольнай друкарні Палескага камітэта РСДРП у Навазыбкаве, частка – у Гомелі.
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. актывізавалася дзейнасць шырокіх мае працоўных Расіі. Надзённай задачай бальшавікоў стала прапагандысцкая і растлумачальная работа ў масах. У жніўні 1917 г. у Мінску ўпершыню легальна пачала выдавацца бальшавіцкая газета «Звязда». Створанае пры ёй бальшавіцкае выдавецтва «Звязда» разгарнула дзейнасць па выпуску найбольш актуальнай прапагандысцкай літаратуры.
У першыя месяцы свайго існавання выдавецтвам «Звязда» выпушчана 6 брашур У. І. Леніна: «Зямельнае пытанне», «Да моманту», «Аб сялянстве», «Палітычныя партыі ў Расіі і задачы пралетарыяту», «Руская рэвалюцыя і грамадзянская вайна», «Урокі рэвалюцыі». Работы У. І. Леніна па найбольш надзённых пытаннях выдавецтва друкавала выключна аператыўна. Так, артыкул У. І. Леніна «Руская рэвалюцыя і грамадзянская вайна», напісаны ў пачатку верасня і апублікаваны ў газеце «Рабочий путь» 16 верасня, у тым самым месяцы выйшаў асобнай брашурай у Мінску. Усе гэтыя працы У. І. Леніна, выдадзеныя напярэдадні Кастрычніцкай рэвалюцыі, мелі велізарнае значэнне ў згуртаванні беларускага народа і салдат Заходняга фронту вакол партыі бальшавікоў, у мабілізацыі іx на барацьбу за перамогу сацыялістычнай рэвалюцыі.
Наступная брашура У. І. Леніна таксама аператыўна была выпушчана выдавецтвам «Звязда» ўжо ў савецкі час. Гэта быў раздзел з даклада Уладзіміра Ільіча на ІІ Усерасійскім з’ездзе Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў, які адбыўся 26.10(8.11).1917 г. Брашура выйшла пад загалоўкам «Як ашукалі народ сацыялісты‐рэвалюцыянеры і што даў народу новы ўрад бальшавікоў».
Акрамя прац У. І. Леніна, выдавецтва «Звязда» выпусціла за кароткі тэрмін шэраг іншых палітычных выданняў: «Праграма і Статут РСДРП», «Бальшавікі аб зямлі», «Пратаколы Паўночна‐Заходняй вобласці (Паўночна‐Заходняга Камітэта РСДРП)» і інш. Былі выдадзены таксама асобныя творы М. Горкага і Р. Джаваньёлі. Уяўленне пра тэматычную структуру кнігавыдавецкага масіву беларускіх друкарань за ХІХ – пачатак ХХ ст. можна атрымаць з ніжэй прыведзенай табліцы.
|
Тэматыка |
Колькасць |
Тэматыка |
Колькасць |
|
Клерыкальна- канфесійная |
1004 |
Літаратура па дамаводству, тэхніцы кіравання, |
151 |
|
Грамадска-палітычная |
2543 |
||
|
Філалагічная |
64 |
||
|
Матэматычная |
61 |
||
|
Прыродазнаучанавуковая |
81 |
Па мастацтву |
84 |
|
Медыцынская |
207 |
Па літаратуразнаўству i мастацкай літаратуры |
35 |
|
Тэхнічная |
77 |
||
|
Сельскагаспадарчая |
273 |
Іншая |
946 |
Затое філасофская літаратура была прадстаўлена толькі двума выданнямі па логіцы і 16‐цю па этыцы, што было вынікам цэнзурнай палітыкі, якая не дапускала ў друк даследаванняў, супярэчных царкоўнаму вучэнню. У канфідэнцыяльнай інструкцыі ад 23.8.1865 цэнзарам загадвалася «звяртаць увагу на тое, каб пад формаю вучоных артыкулаў і трактатаў не крылася недазволеная прапаганда атэізму, сацыялізму, матэрыялізму». Вельмі рэдка выпускалася ўласна палітычная літаратура. Яе выданне стрымлівалася ўрадам, які пакідаў гэта права за сталічным друкам.
Найбольшай колькасцю выданняў грамадска‐палітычнага зместу прадстаўлена літаратура па гісторыі (350) і археалогіі (244) у большасці сваёй краязнаўчага характару, працы па этнаграфіі (57) і фальклору (17). Павышаная цікавасць да вывучэння эканомікі краю, выкліканая развіццём прадукцыйных сіл краіны, адбілася на выданні кніг па праблемах мясцовай прамысловасці (больш за 30), фінансавых (380), аграрных пытаннях (43) і інш. Агульная колькасць выданняў эканамічнага характару склала 549 пазіцый: пытанні крэдыту, кааперацыі, меліярацыі (працы доктара сельскагаспадарчых навук А. Д. Дубаха, Я. Е. Эрдэлі, Я. У. Апокава і інш.), пашырэння землеўладання як сродку ўмацавання сялянскай гаспадаркі ў рамках існуючага ладу.
Параўнальна вялікімі былі групы выданняў па праблемах адміністрацыйнага кіравання (452), па пытаннях асветы, адукацыі і педагогікі; больш за 250 выданняў прысвечаны пытанням пастаноўкі сярэдняй агульнай і спецыяльнай школьнай адукацыі. Разам з тым тэматыка грамадска‐палітычнай літаратуры Беларусі была намнога бяднейшая, чым тэматыка аналагічнай літаратуры, якая выдавалася ў цэнтральных губернях Расіі.
У ХІХ – пачатку ХХ ст. вялікую ўдзельную вагу мела рэлігійная літаратура – 1004 адзінкі, або 15,5 % (у 18 ст. яна складала палову ўсіх выданняў), у т. л. матэрыялы па гісторыі царквы (248), па праблемах узаемаадносін праваслаўнай, каталіцкай і уніяцкай цэркваў. Значную колькасць у ёй складала так званая варажбітная кніга (402), якая абяцала чалавеку тое, чаго не магла даць існуючая рэчаіснасць. У сваім імкненні падпарадкаваць навуку патрэбам самадзяржаўя і царквы ўрад негатыўна ставіўся да развіцця прыродазнаўства, бачачы ў ім сродак маральнага разняволення грамадства, абуджэння самасвядомасці народа. Асабліва падвяргаліся ганенням агульнадаступныя, папулярныя прыродазнаўчыя творы, якія змяшчалі «думкі і дух, супраціўныя рэлігіі хрысціянскай, якія выяўляюць або вальнадумства, бязбожніцтва, нявер’е і ненабожнасць, або свавольства рэвалюцыйнай нястрыманасці, летуценнага філасофствавання, або ганьбаванне догматаў праваслаўнай нашай царквы» [Энгельгарт Н. А. Нарыс гісторыі рускай цэнзуры ў сувязі з развіццём друку (1703–1903). – СПб., 1904, с. 63]. Таму ў кнігавыдавецкай прадукцыі Беларусі ХІХ – пачатку ХХ ст. кнігі прыродазнаўчага і матэматычнага цыкла, якія бесперашкодна распаўсюджваліся ў XVIII ст., складалі нязначную колькасць – 142 выданні (па алгебры, геаметрыі і вышэйшай матэматыцы 61, па геадэзіі 24, па фізічнай геаграфіі 25, па батаніцы 12, па астраноміі 7, па хіміі 7, па бактэрыялогіі 2, г. зн. крыху болей, як па 1 кнізе на год). І гэта ў той перыяд, калі дзейнасць рускіх вучоных – даследчыкаў прыроды – набыла сусветную вядомасць.
Нешматлікімі выданнямі прадстаўлена і літаратура па медыцыне (207 назваў). Яна выдавалася, як правіла, урачамі‐практыкамі (у канцы XVIII – 1‐й палове ХІХ ст. 60 урачоў беларускіх губерняў мелі ступень доктара медыцыны) і ў пэўнай меры выконвала функцыі інструкцыі па аказанню першай медыцынскай дапамогі. Сярод гэтай літаратуры зусім няма выданняў па анатоміі; па адным выданні прыпадала на фізіялогію, паталогію, хірургію; па фармакалогіі выйшла 8, гінекалогіі 5, гігіене і санітарыі 13, ветэрынарыі 17 выданняў. Мала было выданняў па мастацтву (84), тэхніцы (77), тэхніцы кіравання (40), прамысловай хіміі (30), будаўнічай справе (20), дамаводству (10).
Крыху лепш было з сельскагаспадарчай літаратурай: асвятляліся праблемы жывёлагадоўлі (52), земляробства (56), паляводства (19), лесаводства (11), агародніцтва (15), пчалярства (5), аховы раслін (2) і інш. Кнігі на рускай мове друкаваліся ў 39‐ці гарадах і мястэчках Беларусі (у XVIII ст. кнігавыданнѳ вялося ў 7‐мі гарадах). Найбольш буйнымі кнігавыдавецкімі цэнтрамі былі губернскія гарады Мінск (2308 кніг), Магілёў (1319), Віцебск (1007), Гродна (586). Пра тое, як размяркоўвалася кніжная прадукцыя паводле месца выдання, могуць сведчыць наступныя даныя (не ўключаны кнігі, на якіх не пазначана месца выдання): Ашмяны – 27, Бабруйск – 175, Баранавічы – 9, Барысаў – 81, Брэст‐Літоўск – 64, Быхаў – 15, Віцебск – 1007, Гарадок – 5, Глыбокае – 2, Гомель – 257, Горкі – 29, Гродна – 586, Заслаўе – 12, Ігумен – 25, Клецк – 1, Клімавічы – 9, Лепель – 15, Ліда – 1, Любань – 1, Ляхавічы – 1, Магілёў – 1319, Мазыр – 121, Маладзечна – 1, Мінск – 2308, Мсціслаў – 17, Навагрудак – 5, Нясвіж – 1, Орша – 49, Пінск – 164, Полацк – 100, Рагачоў – 14, Рэчыца – 31, Слонім – 37, Слуцк – 77, Смаргонь – 4, Сянно – 12, Чавусы – 10, Чэрыкаў – 16.
Выданне кніг на рускай мове ў гэты час значна павялічылася. Калі ў XVIII ст. на рускай мове выдадзена 11 кніг, у 1‐й палове ХІХ ст. – 28, то за перыяд з 1851 г. па 1917 г. – 6508.
Адбыліся і якасныя змены. Павялічыўся аб’ём выданняў свецкага зместу (85 %), больш разнастайнай стала тэматыка кніг, сфарміраваліся тыпы выданняў афіцыйнай, навуковай, прыкладной, навучальнай, навукова‐папулярнай, даведачнай, мастацкай літаратуры, намеціліся тэндэнцыі да фарміравання масава‐палітычнай, нарматыўнавытворчай і інфармацыйнай літаратуры.
* * *
З прыведзеных звестак відаць, што ў дарэвалюцыйны перыяд на Беларусі выдавалася параўнальна многа ведамаснай і даведачнай літаратуры, якая змяшчала вялікі фактычны матэрыял. У губернскіх гарадах публікаваліся гістарычныя дакументы, манаграфіі гістарычнай праблематыкі, працы па пытаннях эканомікі краіны, даследаванні па этнаграфіі і беларускай народнай творчасці. Акрамя выданняў, якія маюць даведачную і навуковую цікавасць, у дарэвалюцыйнай Беларусі выходзіла шмат кніг па гісторыі царквы і рэлігіі. Такая літаратура таксама ўлічана ў гэтым раздзеле каталога, паколькі яна характарызуе выдавецкую дзейнасць у ХІХ – пачатку ХХ ст.
У многіх рускіх выданнях публікаваліся фальклорныя тэксты на беларускай мове (кнігі Е. Р. Раманава, М. Я. Нікіфароўскага і інш.). Гэта дало падставу паказаць рускія кнігі, у якіх змешчана шмат тэкстаў на беларускай мове, і ў раздзеле каталога «XІX – пачатак XX ст. Выданні на беларускай мове». Такім чынам, адны і тыя ж выданні могуць паўтарацца ў абодвух раздзелах.
Раздзел каталога «XІX – пачатак XX ст. Выданні на рускай мове» адкрываецца пералікам выданняў твораў У. І. Леніна, ажыццёўленых у Навазыбкаве–Гомелі і Мінску. Потым чытач пазнаёміцца з кнігамі па ўсіх галінах ведаў, якія выходзілі ў дарэвалюцыйнай Беларусі на рускай мове. Усяго ў гэтым раздзеле каталога ўлічана 6536 назваў, з якіх на 1‐ю палову ХІХ ст. прыпадае 28 кніг, на 2‐ю палову – 2153 кнігі, на 1900‐17 гг. – 4355 кніг.
Кнігі ў каталогу размешчаны ў алфавітным парадку паводле прозвішчаў іx аўтараў і назваў. Таму той, каго цікавіць пэўная тэма або прадмет, можа выбіраць літаратуру па гэтаму пытанню з дапамогай прадметнага паказальніка да каталога. Пасля кожнага апісання прыводзяцца сіглы бібліятэк, у якіх ёсць дадзеная кніга. Выданні, не выяўленыя ў фондах Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У. І. Леніна і бібліятэк‐удзельніц, змешчаны ў каталогу ў агульным алфавітным радзе, але сігла не маюць. Каб паўней і глыбей паказаць чытачу ўлічаныя ў каталогу кнігі, складзена некалькі дапаможных паказальнікаў: імянны, геаграфічны, прадметны, месцаў выдання і друкарань. Выданне ілюстраванае, яно наглядна знаёміць чытача з вокладкамі і тытульнымі лістамі найбольш цікавых кніг. Лічбы пад ілюстрацыямі адпавядаюць нумарам апісання ў тэксце гэтага раздзела каталога.
Я. С. Умецкая
1 Першыя 2 нумары пад назвай «Друг Россиян и их единомышленников обоего пола, или Орловский Российский журнал на 1816 год» выдадзены ў Арле ў 1816 г.
2 Пад назвай «Магілёўская друкарня С. Б Сестранцэвіча» яна ўвайшла ў некаторыя афіцыйныя крыніцы і змешчана ў выхадных даных шэрагу яе выданняў. Як прыватная друкарня яна ўпамінаецца і ў даследаванні Б. Арлова «Паліграфічная прамысловасць Масквы».— М., 1953, с. 300.
3 Пахвальная песня пры ўступленні на прастол імператара ўсёй Расіі Паула Пятровіча Першага, апетая шклоўскімі яўрэямі і з імі спалучаным грамадствам на Беларусі. — Віцебск, 1799.