Гісторыя кнігадруку г. Магілёва

 Марзалюк, І. Гісторыя кнігадруку г. Магілёва / І. Марзалюк // Вестник Могилева. — 1990. — 1 июня. 

Уся Беларусь святкуе 500-годдзе слаўнага сына свайго Францыска Скарыны, таго, хто нёс духоўнасць і культуру на Бацькаўшчыну. Зерне, кінутае ім у глебу культуры, дало свае буйныя ўсходы і магутна забуяла ў яго роднай Беларусі. А што ж было ў нас, у Магілёве? Ці ёсць кім нам ганарыцца, ці меў наш край сваіх першадрукароў, духоўных нашчадкаў сына слаўнага Полацка?

Першая друкарня ў горадзе Магілёве была заснавана праваслаўным брацтвам пры царкве ў імя ўваходу ў Ерусалім у пачатку XVII ст., якая знаходзілася на Шклоўскай вуліцы (зараз Першамайская).

У гэтай друкарні былі надрукаваны: у 1616 годзе «Служэбнік», у 1619 годзе перадрукавана «Евангелия учительное…» У 1625 годзе «Вера евкафолическая церкви».

У 1636 годзе на небасхіле магілёўскага друку з’яўляецца постаць Спірыдона Собаля, які з 1630 г. быў кіраўніком друкарні паноў Станкевічаў у Куцеінскім манастыры каля Оршы, быў настаўнікам і рэктарам Магілёўскай брацкай школы. 3 1624 жыў у Кіеве і працаваў настаўнікам Кіеўскай брацкай школы і Кіева- Магілянскай акадэміі. У 1628 го­дзе адкрыў друкарню ў Кіеве, дзе выдаваў кнігі маральна- навучальнага і рэлігійнага зместу. У 1630 вяртаецца на Беларусь. Ен заснаваў сваю друкарню ў Магілёве, у якой выдаў «Букварь языка Славеньска. Писании чтения учится хотящим в полез­ное руководение» Толькі за адну гэту кнігу, за яе выданне мы павінны быць удзячныя гэтаму чалавеку, ушаноўваць яго памяць.

Гэта дзякуючы яму, яго падручніку спасцігаў кніжную навуку маленькі магілевец XVII ст. Жывая, звонкая зіхацела і іскрылася ўсімі колерамі вясёлкі наша мова як у паўсядзённым ужытку, так і ў пісьменнасці, і ў дзяржаўных актах і грамадах, не давала заснуць нацыянальнай годнасці, гонару за свой народ.

Сапраўдным багаццем выданняў Собаля з’яўляюцца ініцыялы, якія ўпрыгожаны малюнкамі птушак, звяроў, чалавечых фігур. Часцей эа ўсё ініцыялы гравіраваны белым штрыхом на густым чорным фоне. Па стылю загалоўныя літары ўзыходзяць да скарынінскіх. У «Буквары» перад пачаткам тэксту змешчана выява маці боскай з Хрыстом на каленях. гэты чалавек заслугоўвае, каб памяць аб ім, каб яго дзейнасць была ўшанавана нашчадкамі, але ў нас у горадзе ні помніка, ні мемарыяльнай дошкі, ні вуліцы Спірыдона Собаля. У канцы XVII ст. у Магілёве ажыццяўляецца выдавецкая дзейнасць дзякуючы стараннасці і спрыту Максіма Вашчанкі. Друкарня належала да брацтва пры Багаяўленскім мана­стыры (знаходзілася на сучаснай Першамайскай вуліцы). Дакладная дата заснавання не вядома.

Першы прывілей на друкарню быў дадзены каралём Уладзіславам IV 19 сакавіка 1633 г.

У 1676 г. існаванне друкарні было санкцыяніравана новым прывілеем караля Яна Сабескага.

Брацтва здало друкарню ў арэнду радцу Максіму Ярмалінічу Вашчанку. Будучы ў 1698 г. у Варша­ве на каранацыі ў якасці пасла ад горада і брацтва Вашчанка злаўчыўся атрымаць на сваё імя грамату, якая пацвярджала дазвол на дзейнасць друкарні, а брацт­ва там не паміналася.

Вашчанка пераносіць друкарню ў сваю кватэру. На выданнях ставіць сваё імя і грошай брацтву ні плаціць. Пачынаецца доўгая су­довая цяганіна паміж брацтвам і Вашчанкам. Брацтва зварочваецца са скаргаю да караля і мітрапаліта.

Вашчанка ўступае, выстаўляе на выданнях імя брацтва, але грошай не плаціць.

У 1708 памёр М. Вашчанка. Друкарняй завалодала брацтва. У 1727 годзе быў закладзены пад яе мураваны будынак.

Выдатнымі друкарамі таго ча­су, акрамя Максіма Вашчанкі, з’яўляюцца Васіль Вашчанка і Тодар Ангіледка. Архіепіскапам Георгіем Каніскім у другой палове XVIII ст. наладжана друкарня пры Мікалаеўскай царкве. Пэўна, ён злучыў з гэтай друкарняй і брацкую. У 1761, паводле загаду Каніскага, быў надрукаваны «Катахіз» Феафана Пракаповіча. Тут друкаваліся казанні самога Каніскага, якія вытрымалі чатыры выданні.

3 далучэннем Магілёўшчыны да Расійскай імперыі друкаванне кніг у брацкай друкарні спынілася. У 1795 ігумен Іосіф паведамляў Каніскаму, што «літары, атрыманыя з Чарнігава, у скрынцы, прэс разабраны, даўнейшыя літары ў скрынках у рассыпную знаходзяцца».

Неабходна адзначыць і той факт, што ў Магілёве была і яўрэйская друкарня. Найвялікшай на Беларусі яўрэйская друкарня была ў Шкло­ве. Адзін са шклоўскіх друкароў Ісаак перанёс сваю друкарню са Шклова ў Магілёў і выдаў тут у 1825 «Хамрат Цэві». Што тычыцца далейшага развіцця друку ў XIX ст., то тут неабходна адзна­чыць дзейнасць гістарычна-статыстычнага камітэта. Свае творы члены камітэта друкавалі ў «Могилевских губернских ведомостях» І ў «Епархиальных ведомостях». Паасобным выданнем выйшаў зборнік «Могилевская Епархия».

Былі выдадзены 4 кніжкі.

2 ліпеня 1838 выйшаў першы нумар афіцыйнага органа губернскага праўлення газеты «Могилевские губернские ведомости». 3 № 33 1845 года «Могилевские губернские ведомости» маюць 2 аддзелы. У першым друкаваліся розныя публікацыі, другі ў сваю чаргу падзяляўся на часці афіцыйную і неафіцыйную. У неафіцыйнай змяшчаліся матэрыяльная гісторыя, этнаграфія, літаратурныя творы, навуковая інфармацыя, артыкулы па пытаннях прамысловасці, сельскай гаспадаркі і інш.

15 лістапада 1897 пасаду рэдактара неафіцыйнай часткі «Моги­левских губернских ведомостей» займае выдатны археолаг, гісторык, этнограф Е. Р. Раманаў. Цэлы шэраг артыкулаў самога Раманава змяшчаецца ў «Губерн­ских ведомостях». Газета становіцца да некаторай ступені краязнаўчым органам. Апошні нумар «Могилевских губернских ве­домостей» выйшаў у 1918 годзе пад рэдакцыяй Шудро. Частка артыкулаў, надрукаваных у «Мо­гилевских губернских ведомо­стях» за 1898—1903, змешчана ў зборніку «Могилевская старина», які да гэтага часу нясе шмат цікавай інфармацыі для тых, хто хоча ведаць гістарычную спадчыну Магілёўшчыны.

3 1882 г. выходзілі «Могилев­ские епархиальные ведомости» пад рэдакцыяй Ціхамірава. Рэдакцыя знаходзілася пры духоўнай семінарыі. Часопіс выходзіў спачатку 3 разы, а потым 2 разы ў месяц. Апошні нумар (20) выйшаў 15 снежня 1917 г. 3 рэдактараў выдзяляецца I. Пятніцкі, аўтар многіх артыкулаў і кніжак. Дру­гое царкоўнае выданне — «Духов­ный вестник». Выходзіў у 1866 г.

3 1906 г. выдавалася штотыднёвая газета «Могилевский вест­ник», якая ў 1910 была зме­нена «Могилевской земской неде­лей», штотыднёвым часопісам.

3 1914 да ліпеня 1917 замест апошняга выдаваўся «Вестник Мо­гилевского земства» пад рэдакцы­яй Гартынскага. У 1906 годзе выходзіў ліберальны «Могилев­ский голос» пад рэдакцыяй Бэхлі. У гэтым выданні прымаілі актыўны ўдзел буйныя публіцыстычныя сілы горада. Можна адзначыць удзел «Непримиримого вядомага мясцовага публіцыста Мірскага і інш.

21 красавіка 1917 г. выйшла Магілёўская газета «Свобода, равенство и братство» — орган Савета рабочых і сялянскіх дэпутатаў і дэмакратычных грамадскіх груп. У № 27 за 24 мая 1927 абвяшчалася, што магілёўская газета «Свабода, равенство и братство» з’яўляецца беспартыйным сацыялістычным органам. Апошні нумар яе выйшаў 6 ліпеня 1927.

У пачатку чэрвеня 1917 г. выходзіла газета «Молат» пад лозунгам «У барацьбе знойдзеш ты права сваё», орган Саветаў сялянскіх, рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Рэдактарам быў С. С. Айзенштат.

Пасля Кастрычніка, 27 лістапада 1917 г. выходзіць першы нумар Штодзённай савецкай газеты «Революционная ставка», орган ВРК пры стаўцы.

З № 19 газета становіцца органам Цэнтральнага Камітэта дзеючай арміі і флоту (ЦК ДарФ). Адказным рэдактарам быу Забноў. Пасля 1-га з’езда Саветаў выдавліся ў Магілёве «Известия губисполкома». У лютым 1918 г. газеты зліваюцца ў адну «Известия ГубВРК».

Нямецкая акупацыя спыніла выхад газеты 2 сакавіка 1918. У час нямецкай акупацыі ў 1918 г. у Магілёве выходзіла 2 газеты, чарнасоценная газета «Труд»— выданне гурта афіцэраў, і газета «Эхо»— кадэцкага напрамку. 3 лістапада 1918 г. пасля вызвалення ад акупацыі выходзіць першы нумар адноўленай газеты «Известия Могилевского губерн­ского революционного комитета».

Рэдакцыя змясцілася ў будынку былой Стаўкі. У хуткім часе газеце даецца новая назва «Соха и Мо­лот». Яна стала органам павятовага камітэта РКП, выканкома і прафбюро. Улетку 1920 г. прызначаны яе рэдактарам быў Бутноўскі.

30 мая 1925 выйшаў апошні (1871) нумар «Сохи и Молота». У Магілёве ў гэты час застаецца сялянская газета «Магілёўскі селянін», якая пачала выходзіць у кастрычніку 1924 г. Рэдагаваў яе Баданаў, апошні рэдактар «Сохи и Молота».

Спачатку адна, а потым 2 старонкі, нарэшце ў верасні 1926 г. уся газета выдаецца па-беларуску.

На гэтым мне б хацелася спыніць свой агляд развіцця друкаванага слова ў горадзе. Але тут ёсць яшчэ вельмі многа таго, што неабходна сказаць, бо гісторыя наша, край наш не быў ніколі бедны на таленты, на тых, хто аддана любіў Беларусь. Асвятленне іх спраў, дзейнасці — вось неадкладная задача, якая стаіць перад краязнаўцамі горада.

І. МАРЗАЛЮК,
студэнт педінстытута імя А. Куляшова.