Першыя беларусы ў Кітаі

Лешчанка, Р. Першыя беларусы ў Кітаі / Р. Лешчанка // Могилевская правда. — 1986. — 26 июля.

Пра італьянца Марка По­ла, які першым з еўрапейцаў яшчэ ў XIII стагоддзі па бываў у Кітаі, ведаюць усе і нават песні аб ім спяваюць. Гістарычныя дакументы сведчаць, што і наш зямляк, ураджэнец Магілёўшчыны, па волі лесу нейкі час знаходзіў’ся ў сярэдневяковым Кітаі.

А было гэта так. Рускае пасольства на чале з перакладчыкам Пасольскага прыказа Мікалаем Спафарыем (1675—1678 гг.) выкупіла ў Кітаі былога жыхара вёскі Добрае (Мсціслаўскі павет) Фёдара Паўлавіча Александровіча. Сам Ф. П. Александровіч расказаў, што ў час руска-польскай вайны (1654 — 1667) ён ваяваў на баку рускай арміі і на тэрыторыі Беларусі «ўзяты ў палон з палка баярына… Івана Іванавіча Хаванскага пад Полацкам, а ўзялі яго палякі, а пасля таго ў палякаў адбілі чаркасы, гетман Брухавецкі, і Брухавецкі прадаў яго кал­мыкам, Мічаку тайшэ, які качаваў каля Волгі-ракі. А жыў у палоне ў Мічака тайшы тры гады, і пасля таго той калмыцкі тайша перадаў калмыцкаму Учуце хану і жыў ён у Учуты 15 год». Акрамя таго, ён дадаў, што «ведае Астраханскую дарогу ў Кітай, бо ён разам з калмыкамі хадзіў у Кітай, а мову калмыцкую ведае добра». На жаль, дзённік М. Сапафарыя нічога не гаворыць аб жыцці нашага зем­ляка ў Кітаі.

Трэба зазначыць, што Ф. Александровіч быў не адзіны, хто пазнаёміўся з Кітаем. Сярод варты, якая ахоўвала рускае пасольства, знаходзіўся беларус В. I. Рачкоўскі. У паслужным спісу памечана, што ён у 1668 годзе ездзіў «да царэвіча Кучума для дагавору, а ў 1675 годзе «пасланы ў Кітай з Нікулаем Спафарыем». Сустракацца з кітайцамі маглі і іншыя ўраджэнцы Магілёўшчыны, якіх шмат было на службе ў Сібіры. Так, мсціславец В. Ю. Пуцята служыў «у драгун у паручыках». Сыны быхаўца С. Я. Ранчкоўскага Сцяпан і Аляксей (абодва капітаны) у канцы XVII стагоддзя служылі камандзірамі рот, першы — у Суерскай, другі — у Маслянскай слабадзе, а магіляўчанін Кузьма Мішакоў быў у Енісейску нават казацкім сотнікам.

Можна спадзявацца, што і новыя архіўныя знаходкі адкрыюць яшчэ шмат цікавага  з жыцця нашых землякоў.

Р. ЛЕШЧАНКА, 
загадчык кафедры гісторыі СССР Магілёўскага педінстытута.