Гузаў, В. …Пры ліквідацыі банды / В. Гузаў // Ударны фронт. — 1990. — 13 студзеня.
Ёсць людзі, якія пражылі мала, а зрабілі многа. Жыццё і справы іх застаюцца ў памяці людзей назаўсёды. Іх помняць, аб іх пяюць песні і складаюць легенды.
З кагорты такіх і Сяргей Васільевіч Паноў, капітан міліцыі, начальнік аддзела крымінальнага вышуку УМУС Магілёўскай вобласці. Нарадзіўся ён 25 верасня 1904 года ў горадзе Калязіне Калінінскай вобласці ў сям’і рабочага. Пасля смерці бацькі, праходзіўшага ў 1919 годзе службу ў Чырвонай Арміі, Сяргею было 10 гадоў. Хлапчук застаўся адзін, і тады добрыя людзі ўладкавалі яго ў дзіцячы дом горада Сызрані. Рана давялося яму зведаць фізічную працу. З трынаццацігадовага ўзросту пачаў вучыцца ён шавецкай справе. Потым працаваў кур’ерам, а з 1927 да 1931 года прадаўцом аптэкарскага магазіна ў горадзе Калініне.
На працягу ўсяго жыцця Сяргей спалучаў працу з вучобай у розных навучальных установах. З мазалём на руках пражыў ён сваё юнацкаё жыццё.
Служба ў радах Чырвонай Арміі стала для яго сапраўднай жыццёвай школай, дзе ён знаёміўся не толькі з ваеннай тэхнікай і вайсковымі статутамі, але і атрымаў трывалую фізічную і палітычную загартоўку.
У студзені 1936 года ён быў прыняты на службу ва УНКУС Калінінскай вобласці, дзе праслужыў да намесніка начальніка аддзела ўпраўлення міліцыі. А ў 1945 годзе Сяргей Васільевіч Паноў працуе ў горадзе Магілёве. Ен быў прызначаны на пасаду намесніка начальніка, а з 1947 года — начальнікам аддзела крымінальнага вышуку ўпраўлення НКУС Магілёўскай вобласці. Вернае служэнне Радзіме, выкананне службовага абавязку, абарона канстытуцыйных правоў грамадзян — вось тыя цудоўныя рысы, якія характарызавалі Сяргея Васільевіча, як чалавека. За два гады ён зрабіў многа добрых спраў на тэрыторыі нашай вобласці.
У вёсцы Мерч, а таксама ў Васільках, дзе загінуў, выконваючы заданіе,капітан міліцыі Паноў, памятаюць старажылы дзень, калі была ліквідавана банда гвалтаўнікоў і грабежнікаў, якія доўгі час дзейнічалі на тэрыторыі Шклоўскага, Бялыніцкага і Круглянскага раёнаў. Яны тэрарызавалі жыхароў вёсак Мерч, Лазіцы, Смятанічы, грабілі і забівалі калгаснікаў вёсак Васількі і Навасёлкі, Міхайлаўка і Кляпінічы. У афіцыйнай даведцы гаворыцца: «18 лістапада 1948 года ў 5 гадзін раніцы ва ўпраўленне міліцыі паступіла паведамленне, што 17 лістапада ноччу невядомымі злачынцамі быў забіты вартаўнік калгаса «Дзесяцігоддзе» Навасёлкаўскага сельскага Савета Рыдзеўскі Антон Яфімавіч, які раней пражываў у вёсцы Васількі. На месца здзяйснення злачынства выехала аператыўная група з УМУС Магілёўскай вобласці і Бялыніцкага РА МУС. Узначаліў гэту групу Сяргей Васільевіч Паноў, начальнік аддзела крымінальнага вышуку вобласці. Аператыўнікі ўстанавілі, што злачынства здзейснена бандыцкай групай Папроцкага Ф. I. У тэты дзень яе выявілі і блакіравалі. На прапанову здацца бандыты не адказвалі. У ноч з 18 на 19 лістапада яны прынялі рашэнне вырвацца з акружэння. А загад быў: узяць жывымі. Завязалася перастрэлка. Капітан С. В. Паноў, праявіўшы вялікую вытрымку, мужнасць і гераізм, кіруючы аперацыяй па абясшкоджванню бандытаў, павёў сваіх таварышаў на жорсткую схватку…»,
Выконваючы службовы абавязак, загінуў Сяргей Васільевіч Паноў. Светлая памяць аб ім, як аб чалавеку рашучым, смелым, энергічным, валявым, які карыстаўся вялікім аўтарытэтам і павагай сярод таварышаў па службе, назаўсёды застанецца ў памяці людзей. Пахаваны С. В. Паноў у Магілёве на Машакоўскіх могілках. Саслужыўцы і таварышы, гараджане, піянеры прыносяць сюды кветкі, ушаноўваючы памяць цудоўнага чалавека.
В. ГУЗАЎ.
НА ЗДЫМКУ: С. В. ПАПОЎ.