Тэатры ўсіх краін, кантактуйце!

Бунцэвіч, Н. Тэатры ўсіх краін, кантактуйце! / Надзея Бунцэвіч // Мастацтва. — 2024. — № 4. — С. 35—39.

Адзін з трывалых культурных брэндаў Магілёва — Міжнародны маладзёжны тэатральны форум «М.@rt.кантакт». Сёлета ён прайшоў 17-ы раз, сабраўшы 23 спектаклі з шасці краін: Арменіі, Балгарыі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі і, вядома, Беларусі. А ўсяго за гады існавання фестывалю, як адзначылі сёлета на яго адкрыцці, былі паказаны 274 спектаклі з 21 краіны. Уражвае?

ЛІЧБЫ-ЛІКІ I МІСТЫКА

Час правядзення форуму, які захоўваецца з яго заснаван-ня ў 2006-м, быў абраны невыпадкова: з 21 да 27 сакавіка — ад Міжнароднага дня тэатра лялек, на які прыпадае ўрачыстае адкрыццё, да Сусветнага дня тэатра, калі адразу пасля апошняга спектакля падводзяцца вынікі і ўручаюцца галоўныя прызы. Летась узнік дадатковы дзень напярэдадні адкрыцця — сёлета ён захаваўся таксама ў якасці своеасаблівай уверцюры, прычым не ўступнага, а канцэпцыйнага характару. Бо 20 сакавіка паказалі гогалеўскую «Жаніцьбу. Фантасмагорыю» Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра ў пастаноўцы мастацкага кіраўніка Пермскага тэатра «Ля Моста» Сяргея Фядотава, уганараванага «За рэжысёрскае майстэрства». I менавіта тэты спектакль атрымаў гран-пры і адначасова быў адзначаны за ролі Качкарова (Аляксандр Куляшоў) і Агаф’і Ціханаўны (Марыя Рудакова). Чым не містыка? Асабліва калі ў памяці паўстае колішняя выкшталцоная пастаноўка Саўлюса Варнаса, заснаваная на неверагодным сінтэзе мастацтваў і нечаканых рэжысёрскіх рашэннях, што абуджалі глядацкую фантазію і думку.

Прэм’ернай «Жаніцьбай» адразу быў заяўлены гогалеўскі лейтматыў сёлетняга форуму: «М.@rt.кантакт» утрымліваў ажно чатыры спектаклі і адзін эскіз, пастаўленыя па творах гэтага рускага і ўкраінскага класіка. У гомельскім «Носе маёра Кавалёва» Мікалай Гогаль нават выходзіў на сцэну! Завяршаўся фэст таксама Гогалем: «Каляда-тэатр» з Екацярынбурга прывёз «Тараса Бульбу», дзе запарожскія казакі, пры захаванні хіба асобных дэталяў тагачаснага ўкраінскага побыту, нагадвалі дэсантнікаў. Спектакль стаў апошнім сярод конкурсных і быў адзначаны дыпломамі «За рыцарскае служэнне Тэатру» і, ад маладзёжнага журы, «За стварэнне ўнікальнай карціны свету».

Гогалеўскі лейтматыў спалучаўся з містычным: дзе Гогаль, там і містыка. Але самай, бадай, містычнай аповесці «Вій», ператворанай Пермскім тэатрам «Ля Моста» ў аднайменны спектакль, пазначаны як трылер і вылучаны «За яркі акцёрскі ансамбль», відавочна не хапала свежых рэжысёрскіх прыдумак, якія не далі б засумаваць. Відовішча ўспрымалася найперш асветніцкім праектам, што пераносіць нас у мінуўшчыну і падрабязна знаёміць з укладам тагачаснага жыцця, а таксама са «страшылкамі» пзўнага асяроддзя, перададзенымі прадказальнымі пастаноўчымі прыёмамі. Міжволі згадваўся іншы «Вій» — Палескага драматычнага тэатра з Пінска ў пастаноўцы Паўла Марыніча, дзе пры бюджэтным мінімуме былі і цікавыя абліччы нячыстай сілы, і папраўдзе капітальнае пераасэнсаванне вобразаў Панначкі і Хамы Брута. Сачыць за ўсім гэтым было не проста цікава — захапляльна! Без сэнсавых перайначванняў, але з новым наборам сродкаў выразнасці выходзіў некалькі гадоў таму студэнцкі спектакль БДУКІМ, дзе ўвесь рэквізіт складаўся з некалькіх крэслаў і прынесеных удзельнікамі гаджэтаў: містычныя сцэны ствараліся праз запаленыя ў цемры экраны смартфонаў.

Гогаль трапіў і ў эскізы «Майстэрні маладой рэжысуры», што даўно стала адным з прыцягальных складнікаў «М.@гt.кантакта». Данііл Сухаў звярнуўся да гогалеўскай п’есы «Гульцы» і прадставіў яе нечаканае постмадэрнісцкае ўвасабленне, блізкае не толькі трагікамедыі (з акцэнтам то на першай, то на другой частках гэтага слова), але і тэатру масак, камедыі становішчаў з уласцівымі ім гуллівымі пераапрананнямі, чарадой падманаў і нечаканых паваротаў. Гэтая п’еса нядаўна была пастаўлена ў РТБД усё тым жа С. Фядотавым. Сталічны спектакль, названы «Махляры», працягвае характэрнае для рэжысёра музейнае стаўленне да сцэнаграфіі і касцюмаў, дакладны псіхалагічны падтэкст кожнага з герояў, забяспечаны майстэрствам таленавітых артыстаў, і разнастайныя містычныя дэталі зудзелам тагасветных сіл, прысутнасць якіх уласцівая творчасці Гогаля. Магілёўскі ж эскіз стаўся менавіта маладзёжным прачытаннем са своеасаблівымі пралогам і эпілогам, дзе спляталіся цытаты з іншых твораў пісьменніка, а над усім луналі іранічныя згадкі знакамітай гогалеўскай тройкі, што імчыць невядома куды і тым самым містычна спалучаецца з не менш знакамітым выразам Quo vadis (Куды ідзеш?). Відавочна адно: эскіз павінен прыйсці да завершанага спектакля, цікавага спалучэннем знешняга цалкам абгрунтаванага мастацкага «хуліганства» і ўнутранай вельмі глыбокай канцэпцыі, што актуалізуе ў класіцы сучасную праблематыку.

Другім эскізам быў «Сіратлівы захад» Марціна МакДонаха, пастаўлены Уладзімірам Чухланцавым у найлепшых традыцыях псіхалагічнага тэатра, выдатна інтэрпрэтаванага і пражытага маладымі магілёўскімі артыстамі. Дарэчы, гэтыя два эскізы, што ўяўлялі сабой сціслыя «пераказы», гэткія прэзентацыі магчымых паўнавартасных пастановак, таксама трэба далучыць да колькасці фестывальных спектакляў — тады агульны лік стане 25. Агульны ж расклад такі: 22 конкурсныя спектаклі, адзін гасцявы (вельмі глыбокі, з філасофскім падтэкстам, паэтычны перформанс Алены Барзовай «У разрыве аблокаў» паводле паэмы Мікалая Зіноўева «Евангелле ад Каметы»), адна творчая сустрэча (з маскоўскай актрысай тэатра і кіно Ганнай Бальшовай), па колькасці прачытаных вершаў блізкая да паэтычнай вечарыны, два майстар-класы (старшыні журы, расійскага і ізраільскага рэжысёра, акцёра, педагога, крытыка Віктара Шраймана і ўжо згаданага расійскага рэжысёра Сяргея Фядотава), штодзённыя абмеркаванні ўбачаных спектакляў і два эскізы.

■ ШЛЮБНЫЯ ЖАРСЦІ-ЗДРАДЫ-ПАДМАНЫ

Апроч гогалеўскай тэмы ў якасці галоўнага лейтматыву, відавочнай у тэматыцы спектакляў форуму была лінія складаных сямейных узаемаадносін, блізкіх да расстання, адзюльтэру, непаразумення, прынцыповых рознагалоссяў. Такіх пастановак аказалася ледзь не палова, хаця далёка не ва ўсіх акрэсленая тэма выходзіла на першы план, а ў залежнасці ад сітуацыі і літаратурнай асновы ўбачанае паўставала то камедыяй, то драмай і нават трагедыяй, то меладрамай, павучальнай агіткай. Гэтая вечная, па сутнасці, праблематыка, далёка не заўжды спалучальная з уласцівай фестывалям эксперыменталь-насцю, аказалася настолькі трывалай, што ўспрымалася другім фестывальным лейтматывам з самымі нечаканымі яго пераўвасабленнямі.

Жаданне надаць пастаноўцы гэткі «сучасна-эксперыментальны» выгляд часам прыводзіла да нягеглага жанрава-стылёвага сінтэзу. У спектаклі «Двое на арэлях» Ладзейнапольскага драмтэатра-студыі «Красавік» да псіхалагічнага паядынку герояў дадаліся святлафор, знакі дарожнай разметкі, што збочвалі да сімволікі, але надта грубай. Аповеды цыніка» Бранскага абласнога тэатра драмы імя А. Талстога вылучаліся сінтэзам з элементамі вар’етэ пачатку мінулага стагоддзя (прычым з жывой музыкай у выдатным выкананні), цыркавых нумароў паветранай гімнастыкі (не хвалюйцеся, без аніякай рызыкі для актрысы). I пры ўсёй іроніі, уласцівай творчасці Аркадзя Аверчанкі, прыводзілі да думкі, што нават з’едліваму цыніку, упэўненаму ў чалавечай разбэшчанасці, не чужыя мары пра сваіх нашчадкаў. У параўнанні з паказам на леташніх «Славянскіх тэатральных сустрэчах» у Гомелі, спектакль стаў больш вытанчана-інтэлігентным, стылёва вытрыманым. «Проста дзіўная дурніца» Тэміртаўскага ТЮГа (Казахстан), адзначаная «За раскрыццё тэмы любові», аказалася звычайнай дарослай пастаноўкай пра таксічную, атрутную матчыну апеку, поўную хітрыкаў і падманаў, і пра сяброўскую здраду.

«Кошт задавальнення» Брэсцкага акадзмічнага тэатра драмы, пастаўлены маладой актрысай тэатра Яўгеніяй Гадун (з яе ж удзелам адразу ў дзвюх цэнтральных ролях) і адзначаны «За акцёрскі ансамбль», спалучаў папраўдзе несумяшчальнае: гулліва-жартоўныя апавяданні Чэхава, разыграныя на сцэне, і біблейскія сентэнцыі, тэкст якіх на задніку папярэджвае кожную гісторыю. Яшчэ адно спалучэнне — анекдатычна-меладраматычных сюжэтаў і некаторых сучасных тэатральных прыёмаў — было даволі фармальным, бо не прыводзіла да паглыблення ці пераасэнсавання тэкстаў. Але сведчыла пра тэатральныя далягляды пастаноўчай каманды, валоданне такімі сучаснымі выразнымі сродкамі, як мінімалізм сцэнаграфіі, выкарыстанне лялькі «мапет», відэавыяў, гаворкі ў мікрафон, элементаў клаўнады, паветраных спецэфектаў. Міжволі ўзнікала пытанне: дык усё тэта для таго, каб проста сказаць, што здраджваць дрэнна? Завітаўшы ў тэатр, моладзь наўрад ці паслухмяна і ўсур’ёз прыме такія безапеляцыйныя павучанні.

На іншым полюсе — «Дэкамерон» тэатра «Сляза і смех» з Сафіі (Балгарыя). У аснову монаспектакля былі пакладзены не проста асобныя найбольш папулярныя навелы Джавані Бакача, а створаная паводле іх п’еса — вядомага тэатральнага крытыка і драматурга Ніны Мазур (Германія), заўсёдніцы некаторых ранейшых тэатральных форумаў Беларусі. У Магілёве адбылася менавіта прэм’ера, бо дагэтуль быў толькі адзіны перадпаказ. Рэжысёр Невена Міцева звярнулася да эстэтыкі пляцавага тэатра Рэнесансу, калі была створана кніга. Абаяльная, харызматычная Ганна Пятрова, якая атрымала дыплом «За яркае імправізацыйнае існаванне», без аніякіх перашкод знаходзіла сабе выканаўцаў дадатковых роляў у глядзельнай зале. Спалучаючы балгарскія, англійскія, рускія словы, артыстка выдатна данесла не толькі змест, але і шалёную энергетыку жыццялюбства, ідэю ўзаемнага і вольнага кахання, што не можа існаваць пад прымусам.

ГІСТОРЫЯ I ПАМЯЦЬ

Напярэдадні 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў «М.@гt.кантакт» не мог абысці ваенна-гераічную тэму: ёй былі прысвечаны два спектакль «Твардоўскі: Васіль Цёркін. Кніга пра байца» з Іркуцка аказаўся больш падобным да паэтычна-музычнай (дакладней, вершавана-песеннай) кампазіцыі, аздобленай кінахронікай. Уласна тэатральнымі былі хіба сцэны са Смерцю, дзе вялікую ролю адыгрывала пластыка. У монаспектаклі «Умут (Надзея)» ТЮГа з Бішкека двойчы была ўганаравана народная артыстка Кыргызстана Назіра Мамбетава, што сыграла жанчыну, якая чакае з фронту сыноў: «За яркае выкананне ролі Маці» і, ад маладзёжнага журы, «За ўвасабленне трагічнага вобраза маці». На жаль, спектакль ішоў без перакладу, бягучага радка і нават сціслага сінопсісу. Затое нішто не перашкаджала ўслухвацца ў акцёрскія інтанацыі і асабліва ў жывое гучанне нацыянальнага музычнага інструмента кыл-кыяка. У сціплай сцэнаграфіі скарыстоўваліся некаторыя рэчы-дэталі нацыянальнага побыту і відэапраекцыя — найперш Ісык-Куля, возера, якому жанчына нясе ўвесь свой боль.

У рамках форуму дзейнічала перасоўная выстава «Наш абавязак — памятаць!», падрыхтаваная і прывезеная ў Магілёў Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Яе наведвалі як удзельнікі, госці і гледачы форуму, так і школычікі, што прыязджалі класамі на змястоўную экскурсію. Унутры вялізнай тэматычна расфарбаванай фуры былі выстаўлены фота, асабістыя рэчы, муляжы зброі герояў Брэсцкай крэпасці, вызвалення Беларусі, партызан, падпольшчыкаў, копіі дакументаў, рэпрадукцыі карцін, плакатаў, інтэрактыўныя сэнсарныя экраны з больш глыбокімі звесткамі пра ваенную гісторыю кожнага з рэгіёнаў.

Такое спалучэнне форуму з нейкай тэматычнай экспазіцыяй можна практыкаваць і надалей. Непадалёк ад тэатра знаходзяцца адразу некалькі музеяў — магчыма, яны таксама былі б зацікаўленыя ў супрацоўніцтве з добра раскручаным фестывальным брэндам. У свой час у тамтэйшых музейных залах нават дэманстраваліся некаторыя фестывальныя спектаклі эксперыментальнага кірунку site-specific, адпаведныя музеям па тэматыцы. Нядаўняя гісторыя, звязаная з завяршэннем савецкай эпохі, разгарнулася ў хроніцы «Антарктыда» Драматычнага тэатра «На Ліцейным» з Санкт-Пецярбурга. Спектакль у жанры мак’юментары (псеўдадакументальная п’еса), чамусьці адзначаны «За арыгінальнае рашэнне дакументальнай п’есы», быў прысвечаны рабоце на палярнай станцыі. Ён удала спалучаў акцёрскую ігру І працу з відэакамерай, што не толькі дадавала дзеянню рэалістычнасці, але і адкрывала некаторыя тэатральныя сакрэты закулісся. Уразіла і падвойнае, як гэта бывае ў тэатры лялек, увасабленне якуцкай лайкі Мішкі — праз нерухомую дакладную копію сабакі і адначасова праз артыста Ігара Ключнікава, які за гэтую ролю атрымаў дыплом. Умяшалася ў форум і сучасная гісторыя — тэракт у маскоўскім «Крокус Сіці Холе», з-за якога не прыехаў Тэатр пантамімы і пластыкі «Атэлье» з Санкт-Пецярбурга. Адпаведна, не адбыўся запланаваны спектакль і майстар-клас кіраўніка. А на самім фестывалі ў знак салідарнасці з аб’яўленай у Расіі агульнанацыянальнай жалобай пачала панаваць выключна працоўная атмасфера замест звыклай прыўзнята-святочнай.

Больш аддаленая гістарычная тэма была прадстаўлена на форуме нядаўняй прэм’ерай «Пётр I — жыццё і дзеянні» Магілёўскага абласнога тэатра лялек. Перанос на нашу сцэну расійскай пастаноўкі, акрэсленай як «гістарычны парафраз», павінен падштурхнуць тэатр да стварэння спектакляў пра гістарычных асоб Беларусь Форма падачы такіх біяграфічных аповедаў можа быць рознай, не толькі праз суперніцтва і сваркі дзвюх фрэйлін з замашкамі кірмашовых гандлярак. Бо ў такіх сцэнічных творах больш важныя не асабістыя «разборкі» між апавядальнікамі (дзяўчаты працуюць у жанры бясконцага сторытэлінгу, амаль не змаўкаючы), а рознабаковы, ураўнаважаны, хай і праз рэзкія хістанні, падыход да многіх спрэчных гіста-рычных падзей. Каб захацелася папраўдзе паразважаць над імі, а не толькі пасмяяцца, як секлі бароды, шукаючы чарговых ахвяр сярод публікі ў зале.

У ПОШУКАХ НОВАГА

Фестывалі, ды яшчэ з конкурснай праграмай, як «М.@rt.кантакт», заўжды скіраваныя на адкрыццё новых творчых ідэй і перспектыў. Магілёўскі ж форум — маладзёжны, што яшчэ больш павінна настройваць яго на пошукі новага. Ды і сам тэрмін «фестывальны спектакль» мае на ўвазе павышаную долю эксперыментальнасці такіх пастановак. Вылучэнне пераможцаў на падобных форумах — тэта яшчэ і вызначэнне найбольш перспектыўных шляхоў, на якія будуць арыентавацца творцы і калектывы пры далейшым развіцці тэатральнага мастацтва. Гран-пры «Жаніцьбы» стала добрым прывітальным рэверансам у бок тэатра-гаспадара форуму і найперш яго артыстаў, якія і сапраўды працавалі ў час пастаноўкі на мяжы чалавечых сіл і нервовага зрыву. Але ж магілёўская прэм’ера не арыгінал, а перанос спектакля 1992 года ў Пермскім тэатры «Ля Моста» — з папраўкай на акцёрскія індывідуальнасці і сцэнічны вопыт артыстаў, здольных прыўнесці ў фядотаўскую рэжысёрскую версію, напоўненую містыцызмам, часцінкі ўласнага прачытання. Маладзёжнае журы, складзенае з чатырох выхаванак тэатразнаўчага факультэта ГІТІСа, прызнала найлепшым спектаклем «Букоўскі» Нацыянальнага тэатра лялек Арменіі. Ён прысвечаны амерыканскаму пісьменніку і журналісту нямецкага паходжання, на асобе якога адбіліся падзеі XX стагоддзя і агульначалавечыя праблемы фарміравання творчай індывідуальнасці. Так званы баёпік — біяграфічны жанр — абмежаваны тут колькасцю персанажаў. Фігура галоўнага героя ўяўляе сабой мужчынскую кашулю задам наперад з прасунутымі ў яе рукамі артысткі і дададзенай лялечнай галавой, якую актрыса трымае зубамі за прымацаваную ззаду палачку-ручку. Прагулка закаханых малюецца хадой пальцаў, якія ператвараюцца ў быццам бы ногі, як у дзіцячых гульнях. А да лялек далучаецца відэакантэнт.

У параўнанні з такім вельмі сціплым увасабленнем эстэтыкі тэатра лялек, якой насамрэч падуладна ўсё, «Нататкі юнага лекара» Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек паўсталі грандыёзным маштабным палатном, дзе эпічнасць разгортвання спалучалася з украпваннямі кабарэ (былая каханая героя — спявачка — становіцца каментатарам яго ўчынкаў і рэтранслятарам яго думак, памкненняў душы) і ўзнімала надзвычай актуальныя сацыяльныя тэмы эмацыйнага выгарання на працы, наркатычнай залежнасці. Колькасць прыдумак рэжысёра Яўгена Карняга і мастачкі Таццяны Нерсісян ажно зашкальвае, усе артысты працавалі на ўздыме, хаця праз асаблівасці новай сцэны некаторыя прасторавыя дэталі давялося перайначваць. Але адзначаны быў толькі Дзмітрый Чуйкоў — «За выкананне ролі доктара Палякова». Не заўважаным ні экспертным саветам, ні маладзёжным журы застаўся «Нос маёра Кавалёва» Гомельскага абласнога драматычнага тэатра, дзе хапала нечаканых рэжысёрскіх рашэнняў заслужанага дзеяча мастацтваў Паўднёвай Асеціі Рамана Габрыа. Пазычаны з кіно прыём дзялення ролі на візуальную і гукавую часткі прывёў да смешна мульцяшнага агучвання персанажаў двума артыстамі, змешчанымі ў «студыі» — аркестравай яме. Hoc ператвараецца ў «сон», што акрэслена ўнутры праграмкі, адмыслова зробленай у форме вялізнага носа, які можна адрэзаць. У параўнанні з роднай гомельскай, паваротная сцэна ў Магілёўскім тэатры працуе разы ў два павольней. Гэта знізіла тэмпарытм спектакля, прывяло да змянення некаторых мізансцэн, але ж перспектыўнасць заяўленых у спектаклі прыёмаў — безумоўная, акцёрская аддача — неверагодная.

Вялікія надзеі ўскладаліся на Пецярбургскі камерны тэатр «ТОК», які стаў адкрыццём леташняга форуму, выклікаўшы фурор «Марыяй Сцюарт» і «Фаўстам». Гэтым разамбыў «Смердзякоў», жанрава азначаны як «публічны допыт» паводле «Братоў Карамазавых» Дастаеўскага, сціснутых да адной сюжэтнай лініі — і безлічы псіхалагічных станаў, што паступова «распранаюць» героя да аголенай чорнай душы, што б’ецца ў канвульсіях, але так і не прызнае сваёй няпраўды. Невыпадкова Дзяніс Сякірын быў вылучаны «За акцёрскае майстэрства», а ўвесь спектакль — «За лаканічную і вобразную метамарфозу рамана ў тэатральную партытуру».

Новымі акцэнтамі адрозніваўся «Сон у летнюю ноч» Арлоўскага дзяржаўнага тэатра для дзяцей і моладзі «Вольная прастора». Пастаноўка прыцягвала раскошнымі касцюмамі, і маладзёжнае журы прысудзіла ёй дыплом «За візуальнае ўвасабленне свету фантазій, з якога мы ўсе створаны». Артыст Андрэй Грыгор’еў паехаў дадому адразу з двума дыпломамі: «За выкананне ролі Пака» і «За глыбіню і лёгкасць акцёрскай трансфармацыі»: яго герой быў не ўсюдыісным гарэзам, а гэткім засяроджаным падначаленым боса. Знік звыклы для гэтай шэкспіраўскай п’есы кантраст між светам людзей і эльфаў, касмічнай узнёсласцю і няхітрым гумарам, між закаханымі і майстрамі-рамеснікамі, якія рэпеціруюць спектакль. Магчыма, пастаноўшчыкі хацелі паказаць еднасць свету, што падзяляецца на «аднаклеткавых» працоўных (мяркуючы па колеравай гаме і складанасці іх сцэнічных строяў), «двухклеткавых» прадстаўнікоў сацыяльных вярхоў — і «шматклеткавых» насельнікаў касмічна-іншасветнай прасторы. А над усімі ўзнімаюцца ўладары — герцаг Афінаў Тэзей і кароль эльфаў і фей Аберон, падобныя адзін да аднаго. Ды толькі такая светабудова наўрад ці мае дачыненне да камедыі — гэта ж трагедыя, калі ўлада адарваная ад народа.

У пошуках новага лагічна звярнуцца да новых твораў. Але «Чароўныя казкі» згаданага вышэй тэатра лялек з Арменіі, звернутыя да «Гары Потэра», засталіся незразумелымі ні дзецям, ні бацькам. Гэта ж колькі чараўніцтваў можна было прыдумаць! Ажно не.

«Людзі. Зверы. Абставіны» Ерэванскага дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра імя К. Станіслаўскага, адзна-чаныя «За акцёрскі ансамбль», паказваліся не толькі ў Магілёве, але і ў Бабруйску. Такое пашырэнне фестывальнай геаграфіі (у Бялынічы таксама вазілі лялечнага «Пятра I») можна толькі вітаць. Павагі заслугоўвае і зварот да творчасці сучаснага амерыканскага драматурга Дона Нігра. Але да адзінаццаці «Звярыных гісторый», як названая ў арыгінале яго п’еса-калаж, не быў падабраны пастаноўчы ключык. I замест спектакля мы ўбачылі набор асобных маналогаў-дыялогаў-сторытэлінгаў.

 З МУЗЫЧНЫМ УХІЛАМ I ТАНЦАМІ

«М.@гt.кантакт» заўжды яднаў пастаноўкі розных жанраў і відаў тэатра. Вось і сёлета ў праграме з’явіліся два сапраўдныя мюзіклы.

«Прыгоды Тома Соера» Дзіцячага тэатра «Вера» з Ніжняга Ноўгарада, сціпла названыя «амаль дэтэктыўнай гісторыяй пра любоў з песнямі і танцамі» і адзначаныя «За акцёрскі ансамбль», насамрэч адпавядалі мюзіклу па ўсіх параметрах: музычная драматургія, якая не перапыняе, а рухае дзеянне не столькі асобнымі нумарамі, колькі разгорнутымі сцэнамі; даволі простая, але вельмі завадная мелодыка, пругкія рытмы, яркая аранжыроўка, добрыя вершы з запамінальнымі рыфмамі і вобразамі. «Несцерка» Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В. Дуніна-Марцінкевіча з Бабруйска быў інтрыгуюча названы «мюзіклам-эскападай». На парадак больш складаны па выкананні, насычаны пастаноўчымі цікавосткамі, ён справядліва атрымаў дыплом «За сучаснае ўвасабленне беларускай класікі». Папоўніўшы афішу гэтым спектаклем, калектыў працягнуў яго ўдасканальваць, выпусціў у дадатак да праграмкі багата ілюстраваны буклет, запрасіў на фестывальны паказ, як і ўвосень на прэм’еру, кампазітара Рыгора Суруса. Так і трэба ставіцца да творчай спадчыны!

Даволі працяглымі харэаграфічнымі нумарамі, якія маглі б існаваць асобна, у разнастайных канцэртных праграмах, вылучаліся і раней згаданы «Тарас Бульба», і іншыя спектаклі, а таксама цырымоніі адкрыцця і закрыцця форуму. Прыз глядацкіх сімпатый атрымала «Мяцеліца» Дзяржаўнага акадэмічнага рускага драматычнага тэатра Башкартастана, пастаўленая ў 2017-м і напоўненая жывой музыкай, адметнай пластыкай і харэаграфіяй. Што ні кажыце, аднак сінтэз мастацтваў — адзін з нязменна запатрабаваных шляхоў развіцця сучаснага тэатра — становіцца ўсё больш бязмежным.