Сяброўства і дабрыня

Шэйка, Д. Сяброўства і дабрыня / Данііл Шэйка // Культура. — 2024. — 15 лістапада. — С. 7.

Магілёў прымае мерапрыемства Саюзнай дзяржавы — Фестываль творчасці інвалідаў “Разам мы зможам больш”. Яго галоўнай пляцоўкай стаў абласны Метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы.

Падзея звязана з юбілейнай датай — 25-годдзем падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Гэта вельмі сімвалічна, бо адной з мэт фестывалю заяўлена захаванне агульнай культурнай прасторы Беларусі і Расіі.

РОССЫП ТАЛЕНТАЎ

У горад над Дняпром завіталі дэлегацыі з розных рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Агулам гэта 300 чалавек, якія маюць у сваей скарбонцы ўзнагароды рэгіянальных і нацыянальных конкурсаў ды фестываляў. Яны дэманструюць здольнасці ў розных відах і жанрах творчасці: народных і акадэмічных спевах, харэаграфіі, тэатры, дэкаратыўна-прыкладным і выяўленчым мастацтве. Усяго заяўлена 12 намінацый.

Акрамя спаборніцтваў, праграма ўключае майстар-класы, канцэрты, выставы, экскурсіі ды іншыя мерапрыемствы. Усе намаганні арганізатараў накіраваныя на тое, каб стварыць утульную сяброўскую атмасферу, у якой кожны зможа праявіць сябе напоўніцу і знайсці аднадумцаў. Нездарма адзін з фестывальных дзён мае дэвіз “Сяброўства і дабрыня ідуць разам заўсёды».

ЗАЛАТЫЯ РУКІ

У першы фестывальны дзень адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Экспазіцыя ўражвае разнастайнасцю тэхнік і стыляў. Тут і традыцыйныя тэкстыльныя лялькі, і ўсялякія вышываныя тканіны, і незвычайныя вырабы з лапікаў стракатай тканіны, і алейны жывапіс. Паглядзіш на чароўныя краявіды ды нацюрморты, арыгінальныя фігуркі і ўпрыгажэнні — і не зможаш не здзівіцца бязмежнай фантазіі і майстэрству аўтараў.

Удзельнікі фэсту — людзі напраўду ўнікальныя, адораныя ў многіх творчых сферах. Прыкладам, Жанна Шчарбакова з Касцюковічаў прыехала паспрачацца за перамогу ў намінацыі “эстрадныя спевы”. Аднак вакалам жанчына не абмяжоўваецца. У вольную хвіліну кабета любіць таксама вязаць, пісаць вершы. А фестываль “Разам мы зможам больш” натхніў паспрабаваць сілы ў яшчэ адным кірунку.

Конкурсныя выступленні праходзяць у 12 намінацыях: народныя, акадэмічныя, эстрадныя і жэставыя спевы, харэаграфія, музычна-інструментальнае выканальніцтва, аўтарская паэзія і бардаўская творчасць, тэатральнае мастацтва, арыгінальны жанр, мастацкае слова, дэкаратыўна-прыкладное і выяўленчае мастацтва.
— Я вельмі творчы чалавек, таму не магла прапусціць такую падзею. Падобныя мерапрыемствы вельмі патрэбныя, бо тут можна сустрэць цікавых адораных асоб, атрымаць асалоду ад іх работы, пераняць вопыт і пасля адкрыць нешта новае ўсабеўнутры. Мне пашчасціла пазнаёміцца тут з рукадзельніцай, якая вырабляе лялькі. Якраз я хацсла навучыцца гэтаму рамяству. I вось удача — паспела нават невялічкі майстар-клас атрымаць ад каляжанкі, — дзеліцца Жанна Шчарбакова.

ПАД УВАГАЙ

У рамках фестивалю прайшоў круглы стол “Роўныя магчымасці — роўныя правы”. Сярод яго ўдзельнікаў — прадстаўнікі камісіі Парламенцкага сходу па працы, сацыяльнай палітыцы і ахове здароўя, дэпутаты Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, прадстаўнікі Міністэрства культуры, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Магілёўскага аблвыканкама, арганізацый і ўстаноў абедзвюх краін, грамадскіх аб’яднанняў.

Падчас зацікаўленай размовы абмеркавалі навацыі заканадаўства ў сістэме сацыяльнай падтрымкі людзей з інва-ліднасцю, пагаварылі аб стварэнні культурнага асяроддзя для творчай рэалізацыі асоб з абмежаванымі магчымасцямі здароўя. Былі закранутыя і іншыя тэмы.

Варта падкрэсліць, што людзі з інваліднасцю пастаянна знаходзяцца пад увагай дзяржавы. Ім гарантаваная падтрымка ў выглядзе выплат і аказання сацыяльных паслуг. Але не толькі ў гэтым праяўляецца клопат. Нямала намаганняў прыкладаецца для таго, каб асобы з інваліднасцю маглі інтэгравацца ва ўсе сферы грамадскага жыцця, у тым ліку культурную.

Данііл ШЭЙКА