Інжынер — прафесія будучыні

Зігуля, Н. Інжынер — прафесія будучыні / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2025. — 19 лютага. — С. 3.

Мы павінны па вопыце савецкага мінулага істотна падняць прэстыж інжынерных прафесій, павысіць статус тых людзей, чыімі рукамі і інтэлектам ствараюцца рэальныя матэрыяльныя каштоўнасці. Інакш усе нашы планы застануцца пустымі паперкамі. 

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на вялікай нарадзе аб стане і задачах развіцця прамысловасці. 9 красавіка 2024 г.


Фота: sb.by

Фота: sb.by

Цэнтры тэхнікі і творчасці «Інжынер будучыні» адкрыліся адначасова ў шасці тэхнічных ВНУ — у Мінску і ў кожнай з абласцей. Гэта сумесны праект маладых вучоных і студэнцкай моладзі, які падтрымала Міністэрства адукацыі. Стварэнне цэнтраў накіравана на вучняў 9–11 класаў, каб сфарміраваць тэхнічныя кампетэнцыі ў моладзі і паказаць практычную сферу дзейнасці такой прафесіі, як інжынер, у розных галінах народнай гаспадаркі, наблізіць да рэальнай вытворчасці.

У Магілёве такая пляцоўка размясцілася ў новым корпусе № 7 Беларуска-Расійскага ўніверсітэта — там, дзе знаходзяцца 16 найноўшых інавацыйных лабараторый. Выкладчыкі і вучоныя ўніверсітэта не сумняваюцца, што цэнтр стане цікавым для моладзі. Бо гэта тое, што звязана са штучным інтэлектам, робатамі, найноўшымі тэхналогіямі.

— Усё, што нас акружае ў свеце, так ці інакш звязана з інжынернай думкай. Гэта дарогі, дамы, камбайны, малочнатаварныя фермы, сучасныя школы, паліклінікі, тыя ж перадавыя тэхналогіі, — кажа рэктар БРУ, доктар тэхнічных навук, прафесар Міхаіл Лусцянкоў. — Цяпер шмат хто са школьнікаў марыць пра кар’еру праграміста. І нават не ведае, што аснова гэтай прафесіі больш глыбокая і шматвектарная — інжынерная.

Вучоны звяртае ўвагу на тое, што сёння гэта прафесія запатрабаваная ў кожнай галіне. Прэзідэнт адзначае, што навука павінна мець выразны практыка-арыентаваны характар. Цэнтр «Інжынер будучыні» накіраваны якраз на гэта.

Цэнтр напоўнены камп’ютарнай тэхнікай, у далейшым гэта прастора будзе дапаўняцца сучаснымі механізмамі, устройствамі, адпаведнымі праграмамі. Прычым стаўка робіцца не толькі на старшакласнікаў, але і на больш малодшую аўдыторыю. Каб ужо з дзяцінства было жаданне нешта ствараць.

— Мы як ніхто іншы разумеем важнасць падрыхтоўкі інжынерных кадраў для нашай краіны, — рэзюмуе Міхаіл Лусцянкоў. — Ад гэтага залежыць наш тэхналагічны патэнцыял. Падчас сустрэчы Прэзідэнта з рэктарамі ўніверсітэтаў асобна абмяркоўвалася інжынерная адукацыя. Цяпер разглядаецца праект канцэпцыі развіцця інжынернай адукацыі на 2025–2035 гады. І адно з асноўных палажэнняў — не абмяжоўвацца толькі рамкамі ўніверсітэтаў. Інжынерная адукацыя павінна быць шматузроўневай. І першы ўзровень — менавіта ў школах, таму што калі моладзь зацікавіцца тэхнікай, то яна палюбіць фізіку і матэматыку і асэнсавана пойдзе на інжынерныя спецыяльнасці.

Інжынерныя класы адкрытыя ў дзесяці школах Магілёва, у іх навучаецца каля 200 чалавек.

— Запатрабаванасць вельмі вялікая, па спецыяльнасці «Тэхналогія машынабудавання» мы атрымліваем па дзесяць заявак на аднаго чалавека, — адзначае рэктар.

Нэлі ЗІГУЛЯ