Ад Сямёна з XIII ст.

Марцiновiч, Д. Ад Сямёна з XIII ст. / Дзянiс Марцiновiч // Лiтаратура. — 2011. — 15 красавiка. — С. 12.

У цэнтры гістарычнай часткі Магілёва, побач са старадаўнім Замчышчам, на Савецкай плошчы размясціўся Магілёўскі абласны краязнаўчы музей. Наша сённяшняя гаворка пра ўнікальны экспанат, які захоўваюцца ў яго фондах – берасцяную грамату.

Першапачаткова ў горадзе існавалі дзве ўстановы музейнага тыпу: уласна Магілёўскі музей (1867) і Царкоўна-археалігічны музей (1904). Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі яна былі аб’яднаныя ў Губернскі музей, які ў 1953 годзе атрымаў сучасную назву. Як сцвярджаюць самі супрацоўнікі, “экспазіцыя Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея была прызнана адной з лепшых у Беларусі. Саступаючы іншым абласным музеям у каштоўнасці сваіх калекцый, Магілёўскі абасны краязнаўчы музей
пераўзыходзіць іх высокім ўзроўнем мастацкага афармлення экспазіцыі”.

Фонды музея налічваюць каля 120 тысяч экспанатаў асноўнага фонда. Адзін з іх – Мсціслаўская берасцяная грамата, якую наведвальнік музея знойдзе яе ў экспазіцыі “Гісторыя края ад IX стагоддзя да 1917 года”. Дакладней, у самым першым зале, які пераносіць гасцей музея ў перыяд Старажытнай Русі.

Дастаткова доўгі час лічылася, што насельніцтва рэгіёна знаходзілася на досыць нізкай ступені развіцця. Навукоўцы дыскутавалі, ці існавала, наогул, ва ўсходнеславянскім рэгіёне пісьменнасць сярод простага насельніцтва? Прычым для крытычных меркаванняў прысутнічалі пэўныя падставы. Згадкі пра адукацыйны ўзровень сустракаліся толькі ў пісьмовых крыніцах больш позняга часу (напрыклад, летапісах), што не з’яўлялася абсалютным доказам версіі.

Сенсацыя здарылася 26 ліпеня 1951 года, калі ў Вялікім Ноўгарадзе падчас археалагічных раскопак была знойдзена першая берасцяная грамата. Яна перавярнула ўсе ўяўленні навукоўцаў пра Старажытную Русь. З таго часу ў адным толькі Ноўгарадзе было знойдзена больш за 1000 грамат. Іншым рэгіёнам пашанцавала менш. На тэрыторыі Беларусі знойдзены ўсяго толькі дзве граматы (зрэшты, на тэрыторыі Украіны толькі тры). У 1959 годзе берасцяная грамата XIII стагоддзя была знойдзена ў Віцебску. У 1980-м прыйшла чарга Мсціслаўля. Падчас раскопак на Замкавай гары, якія праводзіліся ў горадзе прафесарам Леанідам Аляксеевым, унізе сёмага бярвеннага насціла археолагі ўбачылі нечаканую знаходку, перададзеную пазней у Магілёўскі абласны краязнаўчы музей. Такім чынам, берасцяных грамат у Беларусі пакуль што толькі дзве.

Дакладны час стварэння граматы, зразумела, невядомы. Але паколькі насціл датуецца 1249 годам, грамату відаць пісалі раней, у першай трэці XIII-га, або, магчыма, нават у канцы XII стагоддзя. Ад дакумента захаваліся толькі два радкі, якія ўяўляюць сабой невялікі кавалак памерам 13,8 на 1,5 см. На ім завостраным інструментам надрапаны надпіс: “Пшаніцы чатыры з паловай грыўны заплаціў (купіў) Сямён”. Прычым слова “Сямён” складае другі радок.

Дзіўнае ўражанне пакідае пасля сябе магілёўскі “музейны унікат”. Сучаснаму нігілісту кінуцца ў вочы яго сціплыя памеры і не дужа прэзентабельны выгляд. Але чалавеку, які любіць гісторыю роднага краю і абвострана адчувае час, берасцяная грамата дапаможа перанесціся ў мінулае і звязаць у адзінае цэлае жыццё далёкіх прашчураў і свой уласны лёс.