Наш канкурэнт Дэвiда Каперфiлда…

Шышко, В. Наш канкурэнт Дэвiда Каперфiлда… : [гутарка з беларускiм iлюзiянiстам В. Шышко] / Вiктар Шышко ; гутарыў Аляксандр Пукшанскi // Звязда. — 2016. — 16 красавiка. — С. 17.

Беларускі ілюзіяніст Віктар Шышко ганарыцца тым, што на сёння з усіх фокуснікаў толькі ён і Каперфільд могуць «разрэзаць» чалавека на дзве часткі. Вядома, што Дэвід здзівіў свет, сярод іншага, і «знікненнем» статуі Свабоды. Віктар ведае, як зрабіць так, каб «знік», напрыклад, «БелАЗ». Былі б толькі грошы, але айчынныя тэлекампаніі пакуль не гатовы да такіх грандыёзных праектаў. Падчас размовы з артыстам журналіст «Звязды» міжволі параўноўваў яго з Воландам з «Майстра і Маргарыты».

Або з Астапам Бендэрам, які ў цягніку расказваў моладзі пра выступленні з фокусамі.

НА ІЛЮЗІЯНІСТАЎ
НЕ ВУЧАЦЬ

Віктар прыехаў у Віцебск напя- рэдадні адзінага канцэрта ў гэтым горадзе. Ён стаў вядомы на пра- сторы былога СССР пасля ўдзелу ў шоу «Здзіві мяне!» на расійскім тэлевізійным канале «ТБ-3».

Хоць да гэтага ў яго была аўтарская 1,5-гадзінная праграма «Магія». Над падрыхтоўкай яе працаваў каля 5 гадоў. Паколькі згаданы тэлевізійны праект пераважна здымалі ў старадаўнім асабняку, Віктар пакарыў журы ў вобразе сярэднявечнага вампіра. I тэлегледачам такое спадабалася.

— На ілюзіяністаў у навучальных установах мастацкага напрамку не вучаць. Я захапіўся фокусамі гадоў у 12. Тады яшчэ не было інтэрнэту, таму вучыўся па кнігах. Жыў у Магілёве, дзе і нарадзіўся. Цяпер пераважна жыву там і ў Маскве. Дэбют у якасці фокусніка адбыўся ва ўзросце 16 гадоў на сцэне Магілёўскага каледжа мастацтваў.

У 2002 годзе ў абласным цэнтры выступаў Iгар Кіа. Я здолеў не толькі «прабіцца» да яго, але і паказаць, чаму навучыўся. Ён сказаў, каб не кідаў тое, што мне так падабаецца. На жаль, больш мы не бачыліся. Я задаволены тым, што ажыццявіў сваю дзіцячую мару — рабіць ілюзійныя нумары. I займаюся гэтым, паверце, не каб зарабіць шмат, а для творчай рэалізацыі… Так, цяпер можна купіць фокусы. IX прадаюць у спецыялізаваных крамах. I цана розная. У прыватнасці, кітайцы масава вырабляюць абсталяванне, якое нядорага каштуе. А ўсе мае трукі створаны індывідуальна. Копій няма ў свеце, — распавядае Віктар.

ДЭВІД ЛЁТАЕ,
ДЗЯКУЮЧЫ…
РАСІЯНАМ

Пакуль што Віктар не сустракаўся са сваім кумірам Каперфільдам, але марыць пабачыцца з ім у Лас-Вегасе, дзе той працуе, калі не гастралюе.

— Вядома, ён заканадаўца моды ў нашым жанры, самы лепшы, — не ўтойвае захаплення беларускі чараўнік. — I тыя, хто кажуць дрэнна пра яго, проста зайздросцяць. Ён вялікі працаголік і фанатык мастацтва. Iлюзія для яго — не бізнес, а жыццё. Хоць ён можа ўжо наогул не выступаць. Дэвід — самы багаты артыст у свеце: свой востраў, самалёты… А дае 400 шоу на год!!! Славуты нумар з палётам Дэвіду абышоўся ў 700 тысяч долараў. Плюс патэнт, які ён купіў, дарэчы, у расійскай кампаніі, звязанай з космасам. Я і мая каманда не купляем патэнты, а, паўтаруся, стараемся ствараць нешта новае, эксклюзіўнае. Мы прайшлі этап капіравання, калі спрабавалі «зрабіць, як Дэвід». Стараемся, каб і ў нас на шоу людзі ўбачылі нешта чароўнае.

Каб стварыць усяго адзін нумар, ілюзіяніст і аднадумцы могуць патраціць месяцы і нават гады. Абсталяванне ствараецца па ўнікальных чарцяжах.

— Са мной працуюць спецыялісты сусветнага ўзроўню. Яны з розных краін. У першую чаргу нас звязваюць сяброўскія адносіны, а не камерцыйныя. Iлюзійны жанр — гэта сплаў розных навук і мастацтваў. Пачынаючы ад тэатра і заканчваючы фізікай і хіміяй, — расказвае артыст.

17 красавіка Віктар Шышко са сваёй камандай пакажа ў Віцебскай абласной філармоніі шоу «Спячая прыгажуня». Для гэтага яны прывезлі сюды некалькі тон дэкарацый і ілюзійнай апаратуры. Гледачы ўбачаць цуды, якія ў кіно робяць толькі пры дапамозе камп’ютарнай графікі, абяцае ілюзіяніст. Мантаж абсталявання доўжыцца прыкладна шэсць гадзін.

—   Галавакружныя трукі з людзьмі, якія лятаюць, знікаюць і гэтак жа раптам з’яўляюцца. Самыя смелыя гледачы змогуць стаць удзельнікамі фокусаў на сцэне. Як і праверыць апаратуру і пераканацца ў рэальнасці таго, што адбываецца, — інтрыгуе майстар.

ЗАЙЗДРОСНЫ
ХАЛАСЦЯК

Віктар чамусьці ўтойвае свой узрост. Маўляў, хай для публікі застануся вечна маладым. Неахвотна расказвае пра сям’ю. Пасля настойлівай просьбы сказаў, што бацькі — далёкія ад мастацтва людзі. Затое вельмі цёпла ўспамінае дзеда.

—   Ён, нягледзячы на жыццёвыя цяжкасці, не страціў аптымізму. Шмат увагі мне заўсёды ўдзяляў. Дзед вадзіў мяне на гурткі. Першыя музычныя інструменты (а пачынаў я ў творчасці як музыкант) — яго падарункі. Ён любіў усё, што звязана з мастацтвам, працаваў вадзіцелем і вельмі любіў падарожнічаць, — дзеліцца Віктар.

Ілюзіяніст ганарыцца тым, што вучыўся з Пятром Ялфімавым. Не таму, што спявак выступаў на «Еўрабачанні» і досыць папулярны, а з-за адданасці Пятра мастацтву.

Пра планы адносна ўласнага сямейнага жыцця Віктар сказаў толькі, што пакуль увесь у творчасці. Ён увогуле адмоўна ставіцца да выстаўлення напаказ «зорных» сямейных гісторый і драм. Дзяўчат ён на сцэне… «распілоўвае» пакуль што на дзве часткі. Увосень плануе роўненька на тры. Гледачы з усіх бакоў змогуць за гэтым назіраць.

Падчас выступленняў бываюць у яго і кур’ёзы. Раней каманда артыста карысталася рацыямі. Дык аднойчы ў грымёрнай Віктар пачуў, што праграма пачалася без яго. Пабег на сцэну. Потым высветлілася, што на адной хвалі з памочнікамі Віктара быў дальнабойшчык з рацыяй. Пачуўшы пытанне: «Ну што, едзем?», вадзіцель адказаў: «Так!». Ён жа ехаў! Пасля гэтага каманда ілюзіяніста карыстаецца выключна мабільнымі тэлефонамі.

Зразумела, «чараўніка» цяжка здзівіць. Але…

— Чаму арэнда глядзельнай залы ў параўнальна малым горадзе даражэйшая, чым у Мінску — магія для мяне. Гэтага не магу зразумець. Віцебска гэта не тычыцца, — прызнаўся ён.

Наконт рэакцыі гледачоў Віктар заўважыў, што мужчыны спачатку бываюць «непрабіўныя». А дамы, можна сказаць, агрэсіўныя. Але, калі гледачы бачаць, напрыклад, фокус з трусам, які з’яўляецца ніадкуль, а потым знікае, пачынаюць рэагаваць, як дзеці…