Бальчэўскi, Э. Вулiца герояў // Магiлёўская праўда. — 1985. — 12 студзеня.
Славутая чэлюскінская эпапея, якая адбылася паўвека назад, па колькасці людзей, пацярпеўшых бедства, па размаху выратавальных работ стала адной з самых буйных падзей у гісторыі пакарэння Арктыкі.
Да месца Чукоцкага мора, дзе 13 лютага 1934 года, заціснуты льдамі, затануў параход «Чэлюскін», дзе савецкія людзі, якія высадзіліся на лёд, гераічна змагаліся са стыхіяй, была прыкавана ўвага ўсяго чалавецтва.
13 красавіка 1934 года тры самалёты Р-5 апусціліся на льдзіну, дзе іх чакалі апошнія шэсць чалавек. Капітан «Чэлюскіна» У. I. Варонін зняў з вышкі чырвоны флаг і апошнім пакінуў ільдзіну. Праз 40 мінут усе самалёты прызямліліся ў Ванкарэме. Лагера Шміта больш не існавала. Уся краіна лікавала ў гэтыя незабыўныя дні. 3 усіх канцоў Савецкага Саюза ў адрас лётчыкаў і чэлюскінцаў паступалі віншаванні і запрашэнні. I яны не маглі не адгукнуцца.
* * *
У лістападзе таго ж года па запрашэнню гаррайкома КП(б)Б і гаррайвыканкома Магілёў наведалі лётчыкі В. С. Молакаў, М. С. Бабушкін і палярнік Э. Т. Крэнкель. Праграма іх двухдзённага знаходжання прадугледжвала чатыры выступленні. У дзень прыезду адбылося першае выступленне ў тэатры на аб’яднаным пасяджэнні гаррайкома КП(б)Б, гарсавета рабочых і чырвонаармейскіх дэпутатаў, гарсавета і гаррайкома ЛКСМБ. А вечарам у Доме Чырвонай Арміі (зараз клуб будтрэста № 12) госці сустрэліся з камандным і палітычным саставам Магілёўскага гарнізона. Аўтару гэтых радкоў пашчаслівілася ўдзельнічаць у сустрэчы.
Прысутныя віталі чэлюскінцаў апладысментамі. Першым выступаў палярны лётчык М. С. Бабушкін. На маленькім самалёце-амфібіі, які быў на борце «Чэлюскіна», ён лётаў шукаць разводдзі для праходу карабля. Міхаіл Сяргеевіч расказаў пра мэты экспедыцыі, якую ўзначальваў ураджэнец горада Магілёва прафесар О. Ю. Шміт.
Неабходна было на судне неледакольнага тыпу прайсці ад Мурманска да Уладзівастока за адну навігацыю, а па дарозе даставіць змену зімоўшчыкаў на востраў Урангеля. Караблём камандаваў капітан Уладзімір Іванавіч Варонін, які ў 1934 годзе правёў па гэтаму шляху ледакол «Сібіракоў». Аднак «Чэлюскін» — пабудаваны ў Даніі транспартны параход з лёдавым мацаваннем — не прабіўся да вострава, працягваў рух і ў Чукоцкім моры быў заціснуты льдамі. Тры месяцы судна, дрэйфавала, а потым было раздаўлена i затанула. Чэлюскінцы з аварыйным запасам паспелі выгрузіцца на лёд.
Расказ Бабушкіна прадоўжыў Эрнест Тэадоравіч Крэнкель, старшы радыст «Чэлюскіна». Іменна ён, пасылаючы ў эфір першую радыёграму, адстукаў ключом адрас пасёлка на льдзіне: «Чукоцкае мора, лагер Шміта». Насельніцтва гэтага лагера складалі 104 чалавекі, у тым ліку 10 жанчын і двое дзяцей.
Масква паведаміла: выратоўваць будзе авіяцыя, трэба рыхтаваць пасадачную пляцоўку. Падыходзячае месца для аэрадрома знайшлі ў пяці кіламетрах ад лагера, і, практычна ўручную, падрыхтавалі пляцоўку, якая неўзабаве пры зрухах ільда перестала існаваць. Усяго рыхтаваць аэрадром давялося 13 разоў. Упэўненасць, што на Вялікай зямлі ўсё робіцца для выратавання, не пакідала чэлюскiнцаў ніколі, і яны працавалі не пакладаючы рук…
Аб тым, як была праведзена выратавальная аперацыя, расказаў Герой Савецкага Саюза В. С. Молакаў. У першым Указе ВЦВК СССР аб прысваенні сямі лётчыкам высокага звання яго імя стаіць трэцім.
Гэта быў чалавек складанага лесу. У пачатковую школу не хадзіў ніводнага дня. 3 11 год «у людзях» — навучыўся слясарыць. Салдатам служыў у авіярамонтных майстэрнях. Добра вывучыў канструкцыі самалётных матораў. Рэвалюцыю сустрэў у штрафной роце, куды трапіў «за ўпартасць». У савецкі час скончыў курсы механікаў Ваяваў супраць белачэхаў і Юдземіча, вучыўся ў школе лётчыкаў, напружана займаўся самаадукацыяй. Стаў інструктарам, і вельмі здольным. Дастаткова сказаць, што сярод сямі першых Герояў Савецкага Саюза трое — яго вучні.
Пасля дэмабілізацыі Молакаў быў лётчыкам у грамадзянскім флоце на паўночным усходзе Сібіры і ў Арктыцы. Па распараджэнню з Масквы быў уключан у трупу ваенных пілотаў, накіраваных на выратаванне чэлюскінцаў з Уладзівастока. Іх самалёты везлі разабранымі па чыгунцы з Масквы да Хабараўска, потым на караблі морам ад Уладзівастока да мыса Алютарнага. I нават ад гэтага далёкага месца трэба было ляцець яшчэ 2,5 тысячы кіламетраў па нязведанай трасе цераз горныя хрыбты.
3 18 самалётаў, накіраваных на выратаванне, да лагера дабраліся толькі б… Падводзіла яшчэ далёка не дасканалая тэхніка, перашкаджалі снегапады, завірухі, туманы.
Гаворачы пра мужнасць таварышаў, Молакаў тады ні слова не сказаў пра сябе. Між тым іменна ён на самалёце Р-5, які меў месца толькі для аднаго пасажыра, зняў кулямёт і бомбакідаючае прыстасаванне і здолеў садзіць па чатыры чалавекі. Акрамя таго, двух памяшчаў у футляры для грузавых парашутаў пад крыламі. Такім чынам ён вывез 39 чалавек — больш за ўсіх. 3 усіх лётчыкаў, якія пабывалі ў лагеры Шміта, толькі Молакаў і Вадап’янаў усе пасадкі і ўзлёты зрабілі без пашкоджанняў самалётаў.
На другі дзень госці наведалi фабрыку штучнага шоўку (зараз завод штучнага валакна імя Куйбышева) і ў час дзённай перазменкі выступілі перад хімікамі. Вечарам яны выехалi ў в. Палыкавічы і ў клубе калгаса «Камінтэрн» сустракаліся з калгаснікамі.
На гэтым праграма знаходжання ў Магілёве была завершана. Аднак, па просьбе камандавання гарнізона чэлюскінцы выступілі яшчэ раз. Раніцай трэцяга дня (быў выхадны) у перапоўненым цырку, які знаходзіўся на Першамайскай вуліцы супраць цяперашняй гасцініцы «Днепр», адбылася цёплая сустрэча з чырвонаармейцамі. Пасля яе заканчэння госці за лічаныя мінуты былi на аўтамашынах дастаўлены на чыгуначны вакзал. Да самага вагона іх праводзілі прадстаўнікі партыйных, савецкіх органаў, камандаванне гарнізона…
…Іменна ў тыя дні Магiлёўскі гарсавет перайменаваў былую вуліцу Быхаўскую ў вулiцу Чэлюскінцаў.