Спірыдон Собаль
(? – каля 1645)

Беларускі друкар i асветнік. Нарадзіўся ў Магілёве ў сям’i бурмістра. Відаць, пачатковую адукацыю атрымаў у Магілёве. Актыўная самаадукацыя i творчая праца дазволілі яму стаць адным з самых адукаваных i культурных людзей свайго часу.

Усё свае творчае жыццё Собаль прысвяціў кнігавыдавецкай дзейнасці i асвеце. Паколькі ў тагачасным Магілёве не было ўмоў для выдавецкай дзейнасці, Спірыдон Собаль быў вымушаны пачаць кнігадрукаванне ў Кіеве. Тут у 1628 ён адкрыў друкарню i выдаў некалькі кніг маральнапавучальнага i рэлігійнага зместу: «Ліманар, сірэч кветнік» (2 выданні), «Мінея агульная», «Актоіх» (2 выданні), «Апостал» (2 выданні, 1628—39). Гэтыя кнігі прызначаліся пераважна для служак царквы, але ix нярэдка выкарыстоўвалі i настаўнікі свецкіх школ.

Вярнуўшыся на Беларусь, Спірыдон Собаль у 1630 прыняў удзел у заснаванні друкарні ў Куцеінскім манастыры пад Оршай. Тут ён выдаў кірыліцай «Псалтыр», які называўся «Брашна духоўнае», «Буквар», «Малітвы паўсядзённыя» (1631), «Часаслоў» (1632). Усе гэтыя кнігі прызначаліся ў асноўным для навучальных мэт. Напісаны ім i выдадзены «Буквар» («Букварь сиречь начало учения детем, начинающим чтению извыкати») у 1636 быў перавыдадзены ў Магілёве, што пацвярджае яго асаблівае значэнне ў пашырэнні пісьменнасці сярод на­рода. Дарэчы, Спірыдон Собаль упершыню ўжыў тэрмін «буквар», а яго дапаможнік па навучанні першапачатковай грамаце называўся «азбука».

«Буквар» быў вынікам творчай дзейнасці беларускага асветніка. Ён быў вядомы не толькі беларусам, рускім, украінцам, але i замежным чытачам, пра што сведчаць запісы на яго тытульных лістах. Дак­ладна невядома, дзе працаваў Спірыдон Собаль у 1633—34 гг. Але за гэтыя гады ім пера­выдадзены ў Кіеве «Ліманар», «Апо­стал» i «Актоіх».

Спірыдон Собаль працаваў таксама ў адкрытай ім друкарні ў Буйнічах пад Магілёвам, дзе ў 1635 быў выдадзены «Псалтыр». Пасля гэтага ён вярнуўся ў Магілёў i ў брацкай друкарні ў 1637 выдаў «Псалтыр» i «Тастамент цара Васілія».

Спірыдон Собаль быў вядомы не толькі на Беларусі i Украіне. Ён наладзіў дзелавыя сувязі з маскоўскім друкаром В.Ф.Бурцевым, абменьваўся з ім кнігамі; Бурцаў набыў у яго друкарскія прылады.

У 1639 Спірыдон Собаль наважыўся пераехаць у Маскву, каб адкрыць там дру­карню i школу для навучання рускіх юнакоў «словолитному делу», грэчаскай, лацінскай, польскай мовам. Але калі ён папрасіў дазволу ў Вяземскай прыказной ізбе, яму было адмоўлена: «Государь указал того могилевца Спи­ридона Соболя из Вязьмы отпустить назад в Литву, а в Москву его отпущать не велел, чтоб в его ученье и в книгах смуты не было…»

Пра апошнія гады жыцця Спірыдона Собаля звестак не захавалася. Відаць, ён пастрыгся ў манахі. Вядома, што сярод манахаў, якія ўступілі ў Магілёўскае брацтва, упамінаецца Сільвестр Собаль, кіеўскі друкар. Буйнейшы кнігадрукар свайго часу, Спірыдон Собаль надрукаваў 19 кніг, некаторыя з якіх выдаваліся 2—3 разы. Ён быў належным прадаўжальнікам асветніцкай i выдавецкай дзейнасці Ф.Скарыны i І.Фёдарава.

Памяць

Імем Спірыдона Собаля ў г. Магілёве названа друкарня: «Магілёўская абласная ўзбуйненая друкарня імя Спірыдона Собаля». У Оршы яго імем названа вуліца.

На будынку Свята-Духаўскі царквы Куцеінскага манастыра ў 1998 годзе ўстаноўлена мемарыяльная дошка Спірыдона Собаля.